21 кастрычніка, Смаленск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскія прадпрыемствы "Полімерканструкцыя" і "Фортэкс-водныя тэхналогіі" могуць канкурыраваць на рынку і стаць удзельнікамі расійскіх экалагічных праграм. Такую думку выказаў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік справамі Віцебскага аблвыканкама Аляксей Мацюшка перад падпісаннем у Смаленску плана мерапрыемстваў па рэалізацыі пагаднення паміж Адміністрацыяй Смаленскай вобласці (Расійская Федэрацыя) і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам (Рэспубліка Беларусь) аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве на бліжэйшы год. Асноўным прыярытэтам у эканамічным супрацоўніцтве сёння з'яўляецца развіццё не толькі экспартна-імпартных аперацый, а рэалізацыя сумесных праектаў, вытворчая кааперацыя паміж суб'ектамі бакоў, падкрэсліў ён. Неабходна ўдзяляць увагу актывізацыі ўзаемных паставак тавараў з высокай ступенню перапрацоўкі, а не толькі вываз з Віцебскай вобласці рапсу, ільнаволокна, грыбоў, ягад, тарфу, мяса, малака, агародніны і бульбы. На тэрыторыі Смаленскай вобласці дзейнічаюць федэральныя праграмы, таксама плануецца распрацоўка ўласных рэгіянальных праграм, удзельнікамі якіх маглі б выступаць прадпрыемствы Віцебскай вобласці. Найбольшую цікавасць у смаленскага боку выклікаюць вопыт рэалізацыі праграм развіцця аграпрамысловага комплексу па вытворчасці лёну, малака, мяса, рапсу, агародніны, садавіны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, экалагічныя і прыродаахоўныя праекты. У Віцебску паспяхова працуюць прадпрыемствы ЧУП "Полімерканструкцыя" і СААТ "Фортэкс-водныя тэхналогіі", якія вырабляюць шырокую гаму ачысных станцый, станцый водападрыхтоўкі, абязжалезвання, выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхналогіі. На думку Аляксея Мацюшкі, гэтыя і падобныя ім вытворцы гатовыя стаць удзельнікамі расійскіх экалагічных праграм, прапанаваўшы сучасныя канкурэнтаздольныя ўмовы. Ад смаленскага боку неабходна сафінансаванне для развіцця наменклатуры вырабаў і своечасовая магчымасць удзелу ў тэндарах.