16 лістапада, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскія мытнікі дагледзелі 1228 кардонных скрынак і знайшлі ў іх кантрабанды амаль на Br5,5 млрд. распавялі карэспандэнту БЕЛТА на мытні. У міжнародным пункце пропуску "Урбаны" на беларуска-латвійскай мяжы грамадзянін Беларусі прад'явіў грузавы аўтамабіль "Вольва" да мытнага афармлення. Машына накіроўвалася з Латвіі ў Расійскую Федэрацыю з блокамі харчавання, замкамі, кнопкавымі перамыкачамі, кандэнсатарамі, дынамікамі, нажніцамі і іншымі таварамі агульнай колькасцю каля 104 тыс. адзінак, упакаванымі ў 1228 скрынак. Агульная вага тавару перавышала 13 т. Аднак у мытнікаў была падстава для правядзення дадатковых аперацый мытнага кантролю: ім паступіла інфармацыя аб магчымым парушэнні мытнага заканадаўства. Каб дагледзець увесь гэты тавар, давялося яго выгрузіць, ускрыць усе 1228 кардонных скрынак, а потым пералічыць усё, што ў іх знаходзілася. У выніку быў выяўлены тавар, не пазначаны ў транспартных і камерцыйных дакументах: біяметрычны тэрмінал, радыёдэталі, кусачкі для заўсенцаў і манікюрны інструмент. Усяго было выяўлена каля 1,7 млн. таварных адзінак на агульную суму амаль Br5,5 млрд. Прадастаўленне дакументаў, якія змяшчаюць недакладныя звесткі аб найменні тавару і яго колькасці, стала падставай для яго канфіскацыі. Віцебская мытня вядзе адміністрацыйны працэс па ч. 5 арт. 14.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.-0-

БЕЛТА