18 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскія вінаробы асвоілі вытворчасць фруктовага віна тыпу пуарэ, расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Віцебскай вобласці "Віцебскпівапрам" Святлана Мухіна. У аб'яднанні вытворчасцю він займаюцца два прадпрыемствы: Полацкі вінзавод і яго філіял Падсвільскі вінзавод. Абодва гэтыя вінзаводы выключылі вытворчасць ардынарных пладовых він яшчэ ў 2010 годзе і цяпер вырабляюць толькі пладовыя віны палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі, фруктова-ягадныя натуральныя віны, якія адрозніваюцца ад ардынарных натуральным браджэннем пладова-ягаднай сыравіны. Пры вытворчасці не выкарыстоўваюцца ні араматызатары, ні фарбавальнікі для надання смаку ці паху напоям, усе прадукты, якія ўваходзяць у склад, натуральныя, выгадаваныя ва ўмовах, набліжаных да натуральных. Тэхналогія пладова-ягаднага вінаробства мае шмат агульнага з тэхналогіяй вінаградных він, бо ў іх аснове ляжаць адзіныя прынцыпы тэхналагічных аперацый. Розніца ж заключаецца ў хімічным складзе і тэхналагічных уласцівасцях сыравіны, якая выкарыстоўваецца для прыгатавання пладова-ягадных і вінаградных він, растлумачыла Святлана Мухіна. Працягваючы працу па стварэнні новых кампазіцый, вінаробы распрацавалі і асвоілі выпуск новай лінейкі прадукцыі фруктова-ягадных натуральных він паўсалодкіх, паўсухіх, сухіх гандлёвай маркі Мarshan з вішні, грушы, чорнай і чырвонай парэчак, агрэсту, чорнаплоднай рабіны, злівы, яблыкаў. Падсвільскі вінзавод стаў адзіным прадпрыемствам у Беларусі, якое вырабляе віно з грушы. У Францыі такія віны называюць пуарэ. Варта адзначыць, што на XVI Міжнародным прафесійным конкурсе він і спіртных напояў года, які нядаўна завяршыўся ў Маскве, натуральнае фруктова-ягаднае сталовае паўсалодкае віно гандлёвай маркі Marshan "Груша з мёдам" узнагароджана залатым медалём. Як адзначыла Святлана Мухіна, на вінаробных прадпрыемствах аб'яднання штогод распрацоўваецца звыш дзясятка найменняў новых відаў він палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі. У 2013 годзе плануецца пашырэнне асартыменту сухіх, паўсухіх, паўсалодкіх фруктова-ягадных він з мясцовай сыравіны з дадаткам мёду.