Актет балалаек "Віцебскія віртуозы" падрыхтаваў святочную праграму да старога Новага года. Як паведамілі БЕЛТА ў Віцебскай абласной філармоніі, канцэрт "Навагодні калейдаскоп: ад класікі да джазу" адбудзецца 13 студзеня.
Выключна жаночы актет "Віцебскія віртуозы", якім кіруе Тамара Шафранова, выступіць разам з салістам філармоніі Леанідам Кажарскім (тэнар). У філармоніі запэўніваюць, што вядомыя мелодыі ў выкананні ўмелых балалаечніц, безумоўна, створаць добры настрой і напоўняць цяплом любімае многімі свята (з дзіўнай для сучаснага чалавека назвай) стары Новы год.
"Лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў калектыў "Віцебскія віртуозы" нястомна даказвае, што народнай любіміцы балалайцы падвластныя ўсе жанры. І праграма складзена так, каб слухачы змаглі ў гэтым пераканацца. У святочны вечар будуць гучаць лірычныя песні, іспанскія матывы, джаз і сучасныя творы", - падкрэслілі ў філармоніі. У канцэрце можна будзе пачуць папулярную музыку Амількарэ Понкьелі, Карласа Гардэля, Джэка Фіна, а таксама ўраджэнца Віцебска Яўгена Магаліфа. Пачатак канцэрта а 16.00.
На стары Новы год у філармоніі чакаюць і дзяцей. Маленькія гледачы ўбачаць чароўны музычны спектакль "Зімовая казка. Працяг". Гледачы адправяцца ў казачнае падарожжа з дзяўчынкай Машай і яе мамай - феяй. Дзеянне насычана яркімі танцавальнымі і вакальнымі нумарамі. Паказы адбудуцца 13 і 14 студзеня, пачатак а 11.00.