14 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Злавесныя крыкі драпежных птушак па вечарах перыядычна пачалі раздавацца над Віцебскім чыгуначным вакзалам. Карэспандэнт БЕЛТА спрабавала высветліць іх прыроду ў арнітолагаў, але яе пераадресавалі да чыгуначнікаў, і, як аказалася, не дарма. Начальнік пасажырскага аддзела Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Сяргей Лядзенка патлумачыў прычыну з'яўлення нехарактэрных для горада гукаў: інжынеры знайшлі просты і танны спосаб барацьбы з варонамі і гракамі, зграі якіх па вечарах акупавалі будынак вакзала. Віцебскі вакзал - унікальнае архітэктурнае збудаванне з вялікай колькасцю ляпніны, на якой так зручна сядзець птушкам. На своеасаблівыя зборы прылятаюць да тысячы асобін, і можна ўявіць, як пасля заканчэння іх пасяджэнняў выглядае нядаўна абноўлены фасад будынка. Ды і пасажырам, над галовамі якіх праносяцца з крыкам чорныя хмары птушак, такое яднанне з прыродай прыносіць мала радасці. Неабходнасць адпужвання птушак назрэла, і спецыялісты сталі разглядаць разнастайныя варыянты. Кошт біяакустычных прыбораў для стацыянарнага адпужвання птушак складае некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў. Выдаткоўваць сродкі на іх набыццё чыгуначнікі палічылі нееканомным і пайшлі сваім шляхам. Спецыялісты знайшлі ў Інтэрнэце запісы галасоў натуральных ворагаў варон і гракоў, змантавалі іх і пачалі трансляваць па вечарах праз сістэму калонак, устаноўленых на даху. Па словах Сяргея Лядзенкі, эфект перасягнуў усе чаканні. Звар'яцелыя ад гукаў сваіх прыродных ворагаў птушкі тут жа зрываюцца з месца. Пасажыры, праўда, таксама здзіўляліся спачатку, вызіраючы ў цёмным небе зграі ястрабаў, але зразумеўшы, у чым справа, спакойна адпраўляліся па сваіх справах: значна больш нязручнасцяў дастаўлялі жывыя птушкі.