26 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі абласны эндакрыналагічны дыспансер атрымаў медыцынскае абсталяванне па гранце ўрада Японіі. Урачыстая цырымонія перадачы абсталявання адбылася сёння з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Церанцьева і часовага паверанага ў справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Міморы Сігехіра, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Дыспансер атрымаў сістэму ультрагукавой дыягностыкі, якая дазваляе візуалізаваць любую паталогію шчытападобнай залозы, абследаваць яе кровазварот, а значыць - выявіць захворванні, у тым ліку і анкалагічныя, на ранніх стадыях. Падобнага апарата ў Віцебскай вобласці не было. Кошт сістэмы Prosound Alpha 6 вытворчасці Японіі складае $85,5 тыс. Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама выказаў шчырую падзяку японскаму ўраду і народу Японіі за аказаную дапамогу і нагадаў, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Японія адной з першых прапанавала дапамогу Беларусі. Міморы Сігехіра распавёў, што пасольства Японіі ў Беларусі рэалізуе праграму ўрада "Грантавая дапамога для праектаў па бяспецы насельніцтва "Карані травы". З моманту рэалізацыі гэтай праграмы ў 2004 годзе выдзелена больш за $2 млн. бальніцам, якія знаходзяцца на пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях, а таксама спецыялізаваным медустановам. Падпісаны 25 кантрактаў на пастаўку абсталявання, з якіх 19 завершаны, яшчэ 7 знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. У лік завершаных цяпер уваходзіць і праект з Віцебскім абласным эндакрыналагічным дыспансерам. Часовы павераны таксама выказаў словы шчырай падзякі беларускаму народу і кіраўніцтву Беларусі за дапамогу, аказаную яго краіне пасля разбуральнага землетрасення 2011 года і аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1". Паводле даных дыспансера, у Віцебскай вобласці на дыспансерным назіранні ў эндакрынолагаў знаходзяцца больш за 40 тыс. пацыентаў з паталогіяй шчытападобнай залозы. Штогод у вобласці выяўляецца каля 130 хворых, у якіх упершыню дыягнастуецца анкалагічнае захворванне шчытападобнай залозы.-0-

БЕЛТА