9 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці з новага навучальнага года будзе весці мэтавую падрыхтоўку шаўцоў для прадпрыемства "Белвест", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове адукацыі.

Мэтавая падрыхтоўка рабочых плануецца па дзвюх спецыяльнасцях: "тэхналогія абутковай вытворчасці" і "тэхналогія вытворчасці вырабаў са скуры" з прысваеннем кваліфікацый - "зацяжнік абутку", "зборшчык абутку", "раскройшчык матэрыялаў". Дагавор, заключаны паміж навучэнцам, прадпрыемствам і навучальнай установай, гарантуе выпускніку пасля заканчэння каледжа працаўладкаванне ў СААА "Белвест", а падчас вучобы - праходжанне практыкі ў цэхах прадпрыемства.

У каледжы падкрэслілі, што весці падрыхтоўку рабочых для канкрэтнага прадпрыемства па мэтавых дагаворах яны будуць упершыню. Разам з тым выказалі ўпэўненасць, што гэта прынясе карысць як абутковаму прадпрыемству, так і каледжу. "Белвест" такім чынам плануе вырашыць праблему недахопу кваліфікаваных кадраў рабочых спецыяльнасцей, што становіцца асабліва актуальным у сувязі з пашырэннем прадпрыемства і стварэннем падраздзяленняў у Бешанковічах і Гарадку. Каледжу гэтая форма працы дапаможа вырашыць праблему недабору навучэнцаў.

Заключэнне трохбаковых дагавораў ажыццяўляецца на падставе палажэння аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)