9 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскі калектыў "Лявоніха" выступіць сёння з вялікім канцэртам у Цэнтры латышскай культуры Даўгаўпілса (Латвія), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". Канцэртная праграма заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь пазнаёміць гледачоў з лепшымі ўзорамі фальклору Беларусі, Польшчы і Расіі: у ёй будуць прадстаўлены народныя песні, харэаграфічныя замалёўкі, вакальна-інструментальныя кампазіцыі, якія адлюстроўваюць нацыянальную культуру славянскіх краін. У канцэрце таксама прыме ўдзел латышская фальклорная група песні і танца "Сватра", з якой удзельнікі ансамбля танца "Лявоніха" пазнаёміліся на сумесным майстар-класе 24-25 сакавіка ў Віцебску. Дадзеная фальклорная група не раз прымала ўдзел у розных міжнародных фальклорных фестывалях і канцэртах у Аўстрыі, Беларусі, Іспаніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Харватыі. Калектыў з'яўляецца лаўрэатам Міжнароднага фестывалю танца "Судмаліняс" (Латвія), удзельнікам Міжнародных фальклорных фестываляў "Pulka eimu, pulka teku" і "Балтыка". Выступленне "Лявоніхі" ў Даўгаўпілсе з'яўляецца новым этапам культурнага узаемаабмену, наладжанага ў рамках рэалізацыі праекта LLB-1-072 "Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё", удзельнікамі якога з'яўляюцца Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса і Цэнтр культуры "Віцебск". Праект прадугледжвае правядзенне сумесных культурных мерапрыемстваў: святкаванне традыцыйных нацыянальных святаў Купалы і Ліго; арганізацыю канцэртаў; рэалізацыю праграм па культурным абмене; забеспячэнне заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамбля танца "Лявоніха" Цэнтра культуры "Віцебск" беларускімі музычнымі інструментамі, сцэнічнымі касцюмамі і аксэсуарамі; навучанне ўдзельнікаў калектыву новым танцавальным пастаноўкам харэографам з Латвіі; рэканструкцыю летняй сцэны комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі - філіяла Цэнтра культуры "Віцебск". Усё гэта будзе спрыяць рэалізацыі асноўнай мэты праекта: з'явіцца магчымасць на больш высокім тэхнічным узроўні праводзіць розныя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя, накіраваныя на папулярызацыю нацыянальных культур, звычаяў і традыцый. Рэалізацыя праекта разлічана на 2012-2013 гады. Агульны бюджэт складае 296,8 тыс. еўра. Бюджэт беларускай часткі праекта - 109,9 тыс. еўра, уключаючы 98,9 тыс. еўра са сродкаў Еўрапейскай камісіі.