14 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская кандытарская фабрыка "Віцьба" завяршае мантаж новай тэхналагічнай лініі на філіяле ў Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Сазон.
Кошт лініі складае 220 тыс. еўра. На працягу сакавіка-красавіка фабрыка мае намер адпрацаваць тэхналогію работы на ёй і выпусціць пробныя партыі прадукцыі, якая шырока пачне паступаць у гандлёвую сетку да мая. На абсталяванні нямецкай вытворчасці магутнасцю 1,5 т прадукцыі ў суткі будуць выпускацца вафельныя трубачкі са згушчонкай. Асаблівасцямі новага прадукту з'яўляюцца своеасаблівыя смакавыя характарыстыкі (блізкія да хатняй выпечкі) і традыцыйна высокая якасць вырабаў "Віцьбы".
Прадпрыемства таксама мае намер у бягучым годзе развіваць сегмент здаровага харчавання, адзначыў дырэктар. У рамках гэтага перспектыўнага напрамку "Віцьба" ўжо выпускае дыябетычную прадукцыю пад гандлёвай маркай "Забота", а з 2012 года - зусім новы від вырабаў мультызлакавыя шматкі "Віцьба" фітнес-серыі. Дадзены прадукт адзначаны ў намінацыі "Здаровае харчаванне" на рэспубліканскім конкурсе "Прадукт года-2012". Таксама ў асартыменце прадпрыемства існуе лінія віталанізаваных шматкоў, узбагачаных вітамінным комплексам, лінія падушачак, узбагачаных вітамінна-мінеральным комплексам, і падушачак без глютена, якія падыходзяць для харчавання людзей, якія пакутуюць непераноснасцю бялку збожжавых (глютена). У гэтым годзе запланаваны вывад на рынак жытніх хлебцаў "Віцьба", рэкамендаваных для дыетычнага харчавання, а мадэрнізацыя цэха сухіх сняданкаў дазволіць павялічыць аб'ём выпуску фітнес-серыі.
За студзень-люты прадпрыемства павялічыла аб'ём вытворчасці ў натуральным выражэнні на 14%. Рэнтабельнасць продажаў склала 11,4%, паказчык па энергазберажэнні - мінус 7,7%. Агульны аб'ём інвестыцый на 2013 год запланаваны ў аб'ёме каля Br30 млрд. Асноўная частка сродкаў будзе накіравана на мадэрнізацыю цэха сухіх сняданкаў, удзельная вага якіх у агульным аб'ёме выпуску прадукцыі складае каля 40%, а ў экспартных пастаўках - каля 85%. Доля экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі складае каля 10%. Удзельная вага новых відаў прадукцыі штогод складае каля 80%.
Прадпрыемства заснавана ў 1989 годзе. На дадзены момант з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам сухіх сняданкаў і кандытарскіх вырабаў у Беларусі. Уключае тры цэхі (кандытарскі, вафельны і цэх сухіх сняданкаў), а таксама філіял у Полацку (былы Полацкі вінзавод). Выпускае поўны спектр вафельных трубачак, рулетаў, тортаў, вафель. Наменклатура выпускаемых вырабаў налічвае каля 150 пазіцый. Аб'ём вытворчасці па галоўным прадпрыемстве па выніках 2012 года склаў 13 тыс. т прадукцыі. Пры гэтым прырост за апошнія тры гады дасягнуў больш за 3 тыс. т. Агульная колькасць працаўнікоў складае 1,2 тыс. чалавек.
Толькі за апошні час прадпрыемства адзначана шэрагам узнагарод. У прыватнасці, залатымі медалямі ў намінацыях "Здаровае харчаванне" і "Сухія сняданкі" рэспубліканскага конкурсу "Прадукт года-2012", залатым медалём Міжнароднага агляду якасці кандытарскіх вырабаў на канферэнцыі "Кандытарскія вырабы XXI стагоддзя", арганізаванай Міжнароднай прамысловай акадэміяй (Масква), а таксама сярэбраным медалём конкурсу "Лепшы прадукт" 20-й Міжнароднай выставы харчовых прадуктаў, напояў і сыравіны для іх вытворчасці "Продэкспа-2013" (Масква). -0-