20 верасня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. РВУП "Віцебскі футравы камбінат" у студзені-жнівні 2011 года вырабіў прадукцыі на Br4,7 млрд., што на 42,7% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пра гэта паведаміла сёння журналістам намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі гарбарна-абутковай галіны канцэрна "Беллегпрам" Лідзія Уласава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За восем месяцаў 2011 года прадпрыемства паставіла на ўнутраны рынак 1,6 тыс. штук верхняга адзення і 2 тыс. штук галаўных убораў. Актыўна развіваецца тавараправодная сетка футравага камбіната. Так, у цяперашні час прадпрыемства мае фірменны магазін у Віцебску і шэсць фірменных секцый у буйных магазінах ва ўсіх абласных цэнтрах. Акрамя таго, у кастрычніку 2011 года плануецца адкрыццё фірменнага салона-магазіна ў сталіцы.
У той жа час маюцца пэўныя праблемы з загрузкай вытворчых магутнасцей з-за недахопу фінансавых сродкаў для закупкі сыравіны, адзначыла Лідзія Уласава. Для поўнай загрузкі магутнасцей камбіната неабходна не менш за 60 тыс. штук нядушаных футравых скуркаў. Разам з тым у студзені-жнівні 2011 года прадпрыемства закупіла толькі 8,5 тыс. штук футравай сыравіны, з якіх толькі 50% айчыннае. "Для забеспячэння камбіната неабходнай сыравінай Савет Міністраў даў даручэнне "Белкаапсаюзу" прыпыніць экспарт пушна-футравай сыравіны", - паведаміла спецыяліст. Усяго "Белкаапсаюз" павінен паставіць 35 тыс. штук норкі, з якіх 15 тыс. прадпрыемства ўжо атрымала.
Акрамя таго, віцебскі камбінат сумесна з Міністэрствам лясной гаспадаркі ўдзельнічае ў рэалізацыі плана па рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў рачнога бабра. Так, за восем месяцаў бягучага года прадпрыемства закупіла 689 скуркаў бабра, а да канца года плануе закупіць 3 тыс. штук.
РВУП "Віцебскі футравы камбінат" - адзінае буйное прадпрыемства ў Беларусі з поўным цыклам перапрацоўкі - ад дублення сыравіны да пашыву вырабаў і рэалізацыі. Камбінат перапрацоўвае ўсе віды пушна-футравай і аўчынна-шубнай сыравіны. Прадпрыемства выпускае больш за 100 мадэляў верхняга адзення, які штогод абнаўляецца на 70%. Уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам".-0-
БЕЛТА
Віцебскі футравы камбінат у студзені-жніўні павялічыў аб'ём вытворчасці амаль на 43%
20.9.20110 праглядаў