«Музейны каляндар» — так называецца новы інтэрнэт-праект абласнога краязнаўчага музея, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1050-годдзю Віцебска.

Як растлумачылі ў АВКМ, «Музейны каляндар» прадугледжвае серыю публікацый, у якіх будзе расказвацца пра найбольш цікавыя, значныя экспанаты, што захоўваюцца ў фондах, а таксама пра прадметы, якія рэдка экспануюцца на выстаўках.

На працягу многіх дзесяцігоддзяў краязнаўчы музей з'яўляецца носьбітам гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай. Гэта адно з найбуйнейшых сховішчаў артэфактаў, звязаных з падзеямі перыяду вайны. Першыя з іх паступілі ўжо ў жніўні 1944 года. У фондах АВКМ захоўваюцца асабістыя рэчы Герояў Савецкага Саюза Пятра Машэрава, Фёдара Блахіна, Міная Шмырова і іншых, а таксама ўзнагароды, дакументы і фатаграфіі ўдзельнікаў партызанскага і падпольнага руху, салдат Чырвонай арміі, якія прымалі ўдзел у абароне і вызваленні Віцебшчыны, матэрыялы акупацыйных улад, прадметы, перададзеныя пошукавымі групамі, і многае іншае. Падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Віцебшчыне прысвечана пастаянная экспазіцыя ў ратушы. Яна была створана ў 1994 годзе, у 2020-м праведзена яе мадэрнізацыя.

Яшчэ адна экспазіцыя — «Памяці патрыётаў Віцебшчыны» — адзіны ў Беларусі і на постсавецкай прасторы музей, размешчаны ў сутарэннях былой фашысцкай турмы СД, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі звярына закатаваныя тысячы савецкіх патрыётаў. У камерах адноўлены абстаноўка і надпісы на сценах, зробленыя вязнямі.

vitebsk-region.gov.by