7 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам дадаткова выдзеліў Br273 млн. для набыцця сацыяльна значных выданняў і перадачы іх публічным бібліятэкам вобласці. Такім чынам аблвыканкам уключыўся ў акцыю "Падары кнігу бібліятэцы", якая ў Год кнігі праходзіць у рэгіёне. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама.
ААТ "Новая Дубрава-Агра" Лёзненскага раёна падтрымала акцыю, выдзеліўшы Br1 млн. на набыццё кніг бібліятэцы аграгарадка "Міхалінава". Вучні і выкладчыкі Віцебскага каледжа мастацтваў падарылі сваёй бібліятэцы 115 экз. мастацкай літаратуры і фотаальбомаў. Абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя бязвыплатна перадаў публічным бібліятэкам вобласці падборкі кніг і часопісаў экалагічнай тэматыкі.
Акцыя "Падары кнігу бібліятэцы" - толькі адно з чатырох дзясяткаў мерапрыемстваў, уключаных у абласны план мерапрыемстваў па правядзенні Года кнігі. Разам з кніжнымі выстаўкамі, юбілейнымі мерапрыемствамі, прысвечанымі пісьменнікам, кніжнымі рэкламнымі кампаніямі ў яго ўвайшлі абласныя конкурсы, вынікі якіх будуць падведзены ў другім паўгоддзі бягучага года. Так, сярод удзельнікаў літаратурных, музычна-літаратурных клубаў і гасціных пройдзе агляд-конкурс літаратурных і музычных твораў "Калыска мая – Беларусь", прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Маладыя спецыялісты (работнiкi бiблiятэк) прымуць удзел у прафесійным конкурсе "Надзеі будучыні". У бібліятэках Наваполацка праходзіць конкурс малюнка, плаката, фотаздымкаў па прапагандзе кнігі сярод моладзі "Моладзь чытае – моладзь паспяховая". У Віцебскім раёне абвешчаны конкурс на лепшы бібліятэчны праект "Чытанне як нацыянальны прыярытэт".
Як лічаць ва ўпраўленні, рэалізацыя мерапрыемстваў у Год кнігі дазволіць павысіць значнасць і ролю кнігі як інструмента атрымання інфармацыі і ведаў ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадства, падтрымае кнігавыданне, актывізуе прапаганду айчыннай літаратуры.
БЕЛТА
Віцебскі аблвыканкам дадаткова выдзеліў Br273 млн. на набыццё сацыяльна значных выданняў для бібліятэк
7.8.20120 праглядаў