Камітэт эканомікі Віцебскага аблвыканкама аднаўляе практыку правядзення конкурсу інвестыцыйных праектаў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва рэгіёна для аказання ім дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце.

"Паколькі цяпер для аздараўлення эканомікі падтрымка прадпрымальніцтва ставіцца на першае месца, мы вырашылі аднавіць практыку мінулых гадоў і ўпершыню за доўгі час правесці такі конкурс. Да 31 сакавіка прымаем заяўкі ад суб'ектаў малога бізнесу. Крыніцай фінансавання з'яўляюцца сродкі абласнога бюджэту, прадугледжаныя на 2017 год у дзяржаўнай праграме "Малы і сярэдні бізнес у Рэспубліцы Беларусь" на 2016-2020 гады", - растлумачыў начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандр Трафімаў.

Прэтэндаваць на атрыманне падтрымкі на конкурснай аснове могуць суб'екты, якія рэалізуюць інвестпраекты па наступных прыярытэтных напрамках: стварэнне, развіццё і пашырэнне вытворчасці тавараў (работ, паслуг); арганізацыя, развіццё вытворчасці, рэалізацыя экспартаарыентаванай, імпартазамяшчальнай прадукцыі; вытворчасць прадукцыі, накіраванай на энерга- і рэсурсазберажэнне; укараненне новых тэхналогій. Абавязковай умовай з'яўляецца стварэнне працоўных месцаў.

Падтрымка можа быць прадастаўлена ў выглядзе субсідый для пакрыцця часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі або часткі выдаткаў на выплату лізінгавых плацяжоў па дагаворах фінансавай арэнды ў частцы аплаты сумы ўзнагароджання лізінгадаўцы. Атрыманыя сродкі могуць быць накіраваны на будаўніцтва, набыццё капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў, іх рамонт і рэканструкцыю, набыццё абсталявання, транспартных сродкаў, спецыяльных прылад і прыстасаванняў, закупку камплектуючых вырабаў, сыравіны і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці і аказання паслуг.

Арганізацыя і правядзенне конкурсу ажыццяўляюцца камітэтам эканомікі Віцебскага аблвыканкама.