26 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам рыхтуе прапановы ў Міністэрства адукацыі па аптымізацыі набору на платную форму навучання па не запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях. Адпаведнае даручэнне даў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па даных упраўлення адукацыі аблвыканкама, вобласці штогод патрабуецца значная колькасць выпускнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў арганізацыі АПК - 955 і 513 адпаведна, будаўніцтва - 1316 і 249, лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання, гандлю, машынабудавання, транспарту. Высокай застаецца дадатковая патрэбнасць у спецыялістах з вышэйшай адукацыяй у сферах адукацыі, АПК, будаўніцтва, машынабудавання. Разам з тым рэгіёну патрабуецца невялікая колькасць юрыстаў і эканамістаў: 23 юрысты з вышэйшай і 20 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, 246 эканамістаў з вышэйшай і 183 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пры гэтым толькі ў бягучым навучальным годзе шэсць устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці па эканамічных спецыяльнасцях выпусцяць 1868 спецыялістаў. Па спецыяльнасці "правазнаўства" ў ССНУ рыхтуюцца да выпуску 412 чалавек. Адначасова спецыяльнасць "правазнаўства" ва ўстановах вышэйшай адукацыі вобласці на ўсіх формах навучання атрымліваюць 3 тыс. чалавек. На думку начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Івана Шурка, ва ўмовах росту прыёму ў ВНУ і стабільна высокага прыёму ў ССНУ, тэндэнцыі, якія склаліся, абвастраюць праблему забеспячэння эканомікі кваліфікаванымі рабочымі кадрамі і прыводзяць да неефектыўнага выкарыстання працоўных рэсурсаў і бюджэтных сродкаў. На думку старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца, у вобласці неабходна ўпарадкаваць сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў і рабочых кадраў, зыходзячы з патрэб рэгіёну і рэспублікі ў цэлым. У бягучым годзе ў вобласці пачнецца распрацоўка аўтаматызаванай сістэмы "Заказ на падрыхтоўку кадраў Віцебскай вобласці", дзе будзе адсочвацца перспектыўная, бягучая і дадатковая патрэбнасць у спецыялістах і рабочых па галінах эканомікі на ўзроўні раёнаў і вобласці.-0-

БЕЛТА