Віцебскі аблвыканкам з пачатку года заключыў 22 інвестдагаворы на Br1,3 трлн.
21.8.20120 праглядаў
21 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам з пачатку бягучага года ў адпаведнасці з дэкрэтам №10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" заключыў 22 інвестыцыйныя дагаворы на суму Br1,3 трлн., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела інвестыцый і інавацый камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Святлана Мядзведская.
Тэрміны рэалізацыі праектаў вызначаны аж да 2019 года. Усяго ж з моманту ўступлення ў сілу дэкрэта №10 (уступіў у сілу 6 жніўня 2009 года. - Заўвага. БЕЛТА) у рэгіёне заключаны 91 інвестдагавор на суму Br3,6 трлн. Такім чынам, трэць ад сумы падпісаных дагавораў прыйшлася на бягучы год, падкрэсліла суразмоўніца. Актывізацыі ў рэгіёне плённага супрацоўніцтва з інвестарамі, у тым ліку і з замежнымі, спрыялі як правядзенне інвестыцыйна-інавацыйных міжнародных форумаў, так і ўмацаванне эканамічных і культурна-адукацыйных сувязяў паміж вобласцю і рэгіёнамі іншых дзяржаў. Замежныя партнёры зацікавіліся праектамі ў мяса-малочнай і харчовай галінах, у швейнай вытворчасці, па паглыбленай перапрацоўцы драўніны і торфу для выпуску паліўных пелет.
Так, расійская кампанія сумесна з Верхнядзвінскім масласырзаводам ствараюць сумесную вытворчасць "Верхні луг" і прыступаюць да выпуску сыру тыпу "Мацарэла". Агульная сума ўкладанняў складзе Br21 млрд. Каля 95% прадукцыі будзе экспартавацца ў Расійскай Федэрацыю. Швеяарская кампанія "Вірэо Энерджы АВ" стварае ўстаноўкі па атрыманні звалачнага газу і вытворчасці з яго электрычнай і цеплавой энергіі на палігонах цвёрдых камунальных адходаў у Талачынскім, Аршанскім і Віцебскім раёнах. У Глыбоцкім раёне вядзецца будаўніцтва аздараўленча-турыстычнага комплексу "Пліса", тут ужо асвоена каля Br17,5 млрд.
Акрамя таго, у вобласці рэалізуюцца буйныя праекты, значныя не толькі для эканомікі рэгіёну, але і для Беларусі ў цэлым. Так, паміж Міністэрствам прамысловасці, ААТ "Завод "Легмаш" і Manuli Rubber Industries s.p.a падпісаны інвестыцыйны дагавор па арганізацыі вытворчасці рукавоў высокага ціску, створана сумеснае прадпрыемства ў Оршы. Заяўлены аб'ём інвестыцый – больш за $4 млн. На базе Аршанскага авіярамонтнага завода за кошт інвестыцый кампаній Украіны, Беларусі і Расійскай Федэрацыі пачата рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі тэхналагічнай базы па рамонце і абслугоўванні верталётнай і самалётнай тэхнікі, будаўніцтве транспартна-лагістычнага цэнтра ў Балбасава. Пры ўдзеле замежнага капіталу рэалізуюцца праекты ў энергетычнай сферы: пачалося ўзвядзенне каскаду гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне, вядзецца будаўніцтва парагазавай устаноўкі магутнасцю 427 МВт на Лукомскай ДРЭС.
У цяперашні час аблвыканкамам сумесна з замежнымі інвестарамі прапрацоўваюцца праекты па стварэнні транспартна-лагістычных цэнтраў у раёне аэрапорта Віцебск і пагранпераходу "Грыгораўшчына" у Верхнядзвінскім раёне.
Суб'екты гаспадарання Віцебскай вобласці падтрымліваюць знешнеэканамічныя сувязі з больш чым 100 дзяржавамі свету і ўсімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Да канца бягучага года вобласць плануе арганізаваць выязныя інвестыцыйна-інавацыйныя форумы ў Маскве і Маскоўскай вобласці, у Смаленску, Калузе, Санкт-Пецярбургу.Дэкрэт №10 ад 6 жніўня 2009 года "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" устанаўлівае як для беларускіх, так і для замежных інвестараў правілы, якія палягчаюць пачатак рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі. Закрапляе адказнасць інвестараў за выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў. У дамовах, што заключаюцца з інвестарамі, дакладна вызначаюцца аб'екты, аб'ёмы і тэрміны ўкладання інвестыцый. Агаворваюцца агульныя прэферэнцыі для праектаў, якія рэалізуюцца па інвестыцыйных дамовах. Дэкрэтам замацоўваюцца абавязковыя ўмовы заключэння інвестдамоваў, а таксама прадастаўляецца магчымасць іх пашырэння зыходзячы з галіновай накіраванасці і спецыфікі інвестыцыйнага праекта. З улікам практыкі рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі інвестарам, якія заключылі інвестдамовы, прапануюцца такія агульныя прэферэнцыі, як прадастаўленне зямельнага ўчастка ў арэнду без правядзення аўкцыёну; паэтапнае афармленне неабходных дакументаў па адводзе зямельнага ўчастка адначасова з будаўніцтвам на фактычна занятых землях і будаўніцтва аб'ектаў з паралельным праектаваннем наступных этапаў будаўніцтва; увоз тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго для аб'ектаў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта, без выплаты мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць.-0-
БЕЛТА