3 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" плануе асвоіць у 2013 годзе выпуск тэрмастабільнай начынкі для прадпрыемстваў кандытарскай галіны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Расціслаў Гошка.
Кошт праекта складае 800 тыс. еўра. Яго рэалізацыя ўжо пачалася. У прыватнасці, праведзены тэндэр, вызначана італьянскае прадпрыемства - вытворца-пастаўшчык неабходнага тэхналагічнага абсталявання. "На ім будзе выпускацца інавацыйная імпартазамяшчальная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю, запатрабаваная ўсімі прадпрыемствамі кандытарскай галіны", - падкрэсліў Расціслаў Гошка.
У ліку іншых навінак 2013 года аналагічнага характару ўваходзяць таксама дзіцячыя чаі з травяных настояў. Прадпрыемства мае намер выпускаць настоі з фенхеля, рамонкі, кропу і іншых карысных для малых траў. "Упэўнены, што гэтая прадукцыя прыйдзецца па душы і абавязкова будзе запатрабавана іх бацькамі", - адзначыў гендырэктар, дадаўшы, што магчымасць выпуску чаёў Віцебскі плодаагароднінны камбінат загадзя прадугледзеў пры рэканструкцыі цэха па выпуску дзіцячага харчавання з дааснашчэннем новым абсталяваннем. Так, былі ўстаноўлены ёмістасці для вытворчасці травяных настояў з агульнай адначасовай магутнасцю захоўвання 4,5 т.
За студзень-кастрычнік камбінат вырабіў прадукцыі на суму каля Br40 млрд. Выпушчана звыш 1 тыс.т дзіцячага плодаагародніннага харчавання (127% да аналагічнага ўзроўню мінулага года) і каля 2,2 тыс.т кансерваў агульнага прызначэння (адпавядае ўзроўню 2011 года). У Расію, Украіну, Туркменістан і Казахстан пастаўлена прадукцыі амаль на $300 тыс. Паказчык па матэрыялаёмістасці за 10 месяцаў склаў мінус 2%, энергазберажэнні - мінус 6%. Рэнтабельнасць продажаў дасягнула 21%.
Віцебскі плодаагароднінны камбінат акцыянаваны ў 2008 годзе. Асартымент налічвае звыш 100 найменняў кансерваў. У цяперашні час магутнасці прадпрыемства па перапрацоўцы сыравіны (мяса, агародніны і рыбы) у змену складаюць па 750 кг. У склад прадпрыемства ўваходзіць таксама сельскагаспадарчае прадпрыемства "Радуньскае", якое з'яўляецца ўласнай сыравіннай базай камбіната.-0-
БЕЛТА
Віцебскі плодаагароднінны камбінат асвоіць у 2013 годзе выпуск тэрмастабільнай начынкі
3.12.20120 праглядаў