29 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Народны моладзевы тэатр "Кола" Цэнтра культуры "Віцебск" стаў пераможцам IX Міжнароднага фестывалю масачных традыцый у Латвіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". Фестываль, які прайшоў у горадзе-пабраціме Віцебска Даўгаўпілсе, сабраў калектывы з Латвіі, Літвы і Беларусі. Першае месца на конкурсе калектываў і індывідуальных масак сярод усіх прэтэндэнтаў на перамогу журы прысудзіла віцебскаму тэатру за выступленне a la dell’arte пад назвай "Сіняя птушка Беларусі". Адметна, што "Кола" сярод усіх удзельнікаў форуму карысталася надзвычайнай запатрабаванасцю: за тры фестывальныя дні калектыў даў 6 выступленняў. Так, у дзень адкрыцця на парадзе сучаснай нетрадыцыйнай моды, масак і прычосак "Кола" прадставіла тэатралізаванае дэфіле "Усё справа ў бураках". На наступны дзень калектыў выступіў у Даўгаўпілскай гімназіі з гульнёвай тэатралізаванай праграмай у стылі dell’arte, прыняў удзел у ляпленні і размалёўванні масак з гліны ў Даўгаўпілскім цэнтры глінянага мастацтва, а завяршыў дзень ужо ў Цэнтры латышскай культуры на вечары паказаў праграмай "Бульба". Пасля напружаных фестывальных дзён тэатр "Кола" святкаваў Масленіцу разам з гараджанамі і ўдзельнікамі фестывалю на плошчы Адзінства. "І гэта вельмі сімвалічна, бо з'яўляецца доказам таго, што пры ўсёй самабытнасці культур, традыцый, менталітэтаў двух народаў, у іх таксама шмат агульнага і падобнага, што не можа не аб'ядноўваць", - падкрэслілі ў Цэнтры культуры "Віцебск". Разам з віцебскім тэатрам першае месца на фестывалі таксама падзяліў фальклорны калектыў Ліванскага краю Ceiruleits. Другое месца заняў творчы калектыў беларускага таварыства "Уздым" Даўгаўпілса.-0-

БЕЛТА