12 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Завод буйнапанэльнага домабудавання РУП "Віцебскі ДСК" завяршыў праект па мадэрнізацыі вытворчасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Мачыха.
Кошт праекта склаў Br140,7 млрд., у тым ліку Br96,5 млрд. пайшло на набыццё абсталявання. Мадэрнізацыя прадпрыемства вялася на працягу 2009-2011 гадоў. На заводзе ўцяплілі фасады, замянілі дах, фактычна цалкам абнавілі тэхналагічнае абсталяванне, лініі ў фармавальных і бетоназмяшальных цэхах. Усталяваны сучасныя лініі італьянскай, нямецкай і часткова беларускай вытворчасці, наладжана аўтаматычная падача бетону, што значна павышае эфектыўнасць працы.
Акрамя таго, пры рэалізацыі праекта завод рэканструяваў выпускаемую серыю дамоў: цяпер прадпрыемства можа выпускаць вышынныя дамы свабоднай планіроўкі да 16 паверхаў. "Планіроўка кватэр можа быць самая разнастайная. Усё, што запатрабуе заказчык, мы можам выканаць", - адзначыў Мікалай Мачыха.
Рэалізацыя праекта дазволіла заводу КПД павялічыць праектныя магутнасці вытворчасці ў 2-2,5 раза да 240 тыс. кв.м у год, значна павысіць якасць выпускаемай прадукцыі і палепшыць умовы працы заводчан.
Далейшыя планы па мадэрнізацыі звязаны з рэканструкцыяй палігона (асобны цэх адкрытага тыпу), таксама плануецца падвесці да прадпрыемства другую ветку чыгункі для павелічэння плошчы разгрузкі матэрыялаў, разглядаецца шэраг іншых перспектыў.
Прадпрыемства заснавана ў 1964 годзе. Асноўным відам дзейнасці з'яўляецца выпуск жалезабетонных і бетонных вырабаў серыі КПД 111-108 для камплектацыі буйнапанэльных дамоў. Таксама выпускаецца і прадукцыя агульнабудаўнічага прызначэння, таварны бетон і раствор, таварная арматура, металаканструкцыі. Плошча завода - 17 га. У яго склад уваходзяць два фармавальныя цэхі, два бетоназмяшальныя з пагрузачна-разгрузачным участкам, арматурны, рамонтна-механічны цэхі, цэх тэхналагічнай камплектацыі і інш. Колькасць працаўнікоў - звыш 600 чалавек.-0-
БЕЛТА
Віцебскі завод КПД завяршыў праект па мадэрнізацыі вытворчасці коштам Br140,7 млрд.
12.4.20120 праглядаў