7 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. РУП "Віцебскаблгаз" за студзень-жнівень бягучага года экспартавала каля 30 тыс.т тарфяной прадукцыі на $1,3 млн., што больш чым удвая перавышае аб'ём экспартных паставак за аналагічны перыяд 2010 года. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве.
У 2011 годзе прадпрыемства пачало актыўна асвойваць рынкі Ірака і Турцыі, а таксама прапрацоўвае магчымасці выхаду на рынак Кітая. Усяго пастаўкі тарфяной прадукцыі ажыццяўляюцца ў 12 краін, большасць з якіх уваходзяць у Еўрасаюз. Значна павысіла экспартны патэнцыял торфаздабычы "Віцебскаблгаза" будаўніцтва торфаперапрацоўчага завода ў Докшыцкім раёне, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2011 года і не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Вытворчая магутнасць завода складае 38 тыс.т торфапрадукцыі ў год, пры гэтым устаноўленае там сучаснае абсталяванне дае магчымасць выпускаць шырокі асартымент прадукцыі ў рознай фасоўцы і шырокай гамы фракцыйнага складу.
Акрамя таго, аўтаматызаваныя вытворчыя лініі дазваляюць перайсці на выпуск тарфяной прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, якая карыстаецца падвышаным попытам на сусветным рынку. Гаворка ідзе аб вытворчасці пажыўных грунтаў з рознымі дабаўкамі (даламітавая мука, гліна і інш.). Ужо сёння на заводзе распрацаваны больш за 10 арыгінальных рэцэптур грунтаў, у тым ліку патэнцыял прадпрыемства дае магчымасць выпускаць грунты па індывідуальных рэцэптах і пажаданнях заказчыкаў. Агульны кошт праекта склаў каля Br16 млрд., пры гэтым за кошт аптымізацыі тэрмінаў будаўніцтва ўдалося зэканоміць каля Br90 млн.
Усяго ж за апошнія чатыры гады РУП "Віцебскаблгаз" інвеставала ў развіццё вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу больш Br46 млрд., з якіх каля 70% было накіравана на абнаўленне і замену асноўных фондаў. Актыўная інвестыцыйная палітыка "Віцебскаблгаза" дазволіла вывесці торфаздабычу на рэнтабельную працу, якая да ўключэння трох торфапрадпрыемстваў у склад "Віцебскаблгаза" была стратнай. Па выніках працы за 8 месяцаў 2011 года аб'ём здабычы торфу "Віцебскаблгазам" склаў 80 тыс.т, што амаль на 50% вышэй за аналагічны перыяд 2007 года.
Па выніках 2011 года "Віцебскаблгаз" плануе нарасціць аб'ём выпуску прадукцыі ў грашовым выражэнні да Br9 млрд.-0-
БЕЛТА
"Віцебскаблгаз" у студзені-жніўні павялічыў экспарт тарфяной прадукцыі больш чым удвая
7.10.20110 праглядаў