5 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Да новага 2012 года ў расійскім горадзе Вялікі Усцюг (Валагодская вобласць), а таксама рэзідэнцыі Дзеда Мароза, размешчанай у наваколлі гэтага мястэчка, будзе чыстая вада дзякуючы тэхналогіям і абсталяванню віцебскага прыватнага унітарнага прадпрыемства "Палімерканструкцыя". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення маркетынгавых даследаванняў прадпрыемства Сяргей Сабодзін. Віцебскі вытворца рэалізуе ў расійскім горадзе праект па ўстаноўцы сістэм водаачысткі. Абсталяванне ачысткі вод складанага складу дае магчымасць атрымліваць патрабаваную па змесце жалеза і іншых кампанентаў якасць падрыхтаванай вады, мінімізаваць затраты на ачыстку, а таксама эфектыўна вырашаць пытанні энерга- і рэсурсазберажэння за кошт сучасных тэхналогій і матэрыялаў, якія прымяняюцца пры праектаванні і вытворчасці сістэм водаачысткі. Адной з асаблівасцей абсталявання з'яўляецца яго выкананне ў палімерных корпусах, што дазваляе павялічыць тэрмін эксплуатацыі да 50 гадоў. Акрамя таго, віцебскае прадпрыемства пры вытворчасці абсталявання цалкам выключыла прымяненне імпартных кампанентаў і выкарыстала толькі айчынныя матэрыялы. Цяпер "Палімерканструкцыя" завяршае пастаўку абсталявання ў расійскі рэгіён, пасля чаго ў верасні пачнецца яго мантаж, затым пусканаладачныя работы і да лістапада плануецца ўвесці яго ў эксплуатацыю. Праект ажыццяўляецца ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Валагодскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь. Акрамя таго, "Палімерканструкцыя" заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Валагодскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. Спецыялісты прадпрыемства будуць даваць майстар-класы для студэнтаў ВНУ і слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі, а лепшыя студэнты па спецыяльнасці "водазабеспячэнне і водаадвядзенне" пройдуць практыку на базе віцебскага вытворцы, знаёмячыся з айчыннымі тэхналогіямі і абсталяваннем, а таксама асаблівасцямі рэалізацыі праграмы "Чыстая вада" ў Беларусі.