22 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Музычнай школе, у якой вучыўся вядомы беларускі кампазітар і педагог Анатоль Багатыроў, сёння афіцыйна будзе прысвоена яго імя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама.
Ініцыятыва належыць педагогам школы, якія правялі вялікую падрыхтоўчую працу па ўвекавечанню памяці народнага артыста БССР, народнага артыста РСФСР, кампазітара, старшыні Саюза кампазітараў БССР, лаўрэата дзяржаўных прэмій БССР і Сталінскай прэміі, заснавальніка беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы, ганаровага грамадзяніна Віцебска Анатоля Багатырова і ўзгаднілі прысваенне імя з роднымі кампазітара. Гарадскія ўлады таксама падтрымалі ініцыятыву.
Анатоль Багатыроў нарадзіўся ў Віцебску ў 1913 годзе і з 1927 па 1930 год навучаўся ў Віцебскай музычнай школе, якая была адкрыта пасля рэарганізацыі народнай кансерваторыі ў 1919 годзе. Сярод архіўных дакументаў у школе захоўваецца пратакол акадэмічнага канцэрта, у якім юны Багатыроў выконваў творы Рахманінава і Баха. Педагогам Анатоля Багатырова ў Віцебску была Яўгенія Шуман - унучка нямецкага кампазітара Роберта Шумана.
Яшчэ пры жыцці Анатоль Багатыроў даў згоду на прысваенне яго імя абласному конкурсу юных кампазітараў, які быў ініцыяваны ў 1999 годзе членам Беларускага саюза кампазітараў Нінай Усцінавай. У 2011 годзе вучні Віцебскай музычнай школы №1 Кірыл Ячмень, Вольга Макарава, Ганна Лафаенка сталі лаўрэатамі конкурсу імя А.В. Багатырова.
Многія творы Анатоля Багатырова сталі класічнымі. Ён выхаваў не адно пакаленне беларускіх кампазітараў, сярод якіх Яўгеній Глебаў, Ігар Лучанок, Юрый Семеняка, Сяргей Кортэс.-0-
БЕЛТА
Віцебскай дзіцячай музычнай школе сёння будзе прысвоена імя яе знакамітага выпускніка Анатоля Багатырэвіча
22.3.20120 праглядаў