17 жніўня, Бешанковіцкі раён /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскай вобласці неабходна сем пагодлівых дзён на завяршэнне ўборачнай. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на ўшанаванні працаўнікоў вёскі КУСВП "Палітаддзелец-Агра" ў сувязі з намалотам мільённай тоны збожжа ў вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У няпростых умовах надвор'я праходзіць сёлетняя ўборачная кампанія. Сем пагодлівых дзён неабходны нам для завяршэння ўборачнай кампаніі, і тады будзе зроблены яшчэ значны ўклад у каравай Віцебшчыны", - сказаў Аляксандр Косінец. Паводле яго слоў, па стане на 16 жніўня ў Віцебскай вобласці было ўбрана 64% ад плошчаў, якія падлягаюць уборцы, на раніцу сённяшняга дня - 65%. Рэгіён намалаціў 1 млн. 15 тыс. т збожжа. На палях працуюць 2 048 камбайнаў, 3,5 тыс. адзінак аўтатранспарту заняты на адвозцы збожжа, загружаны працай больш за 700 збожжасушыльных комплексаў, задзейнічана велізарная колькасць працаўнікоў вёскі, гараджан. У асобе механізатараў КУСВП "Палітаддзелец-Агра" старшыня Віцебскага аблвыканкама падзякаваў усім працаўнікам вёскі рэгіёну за каласальную працу, якую яны выконваюць, каб забяспечыць харчовую бяспеку вобласці. Ён таксама звярнуў увагу аграрыяў на неабходнасць забяспечыць высокую якасць уборкі і не дапускаць страт. Аляксандр Косінец падкрэсліў, што дзякуючы прынятай у вобласці палітыцы па развіцці аграпрамысловага комплексу ў частцы раслінаводства, рэгіянальнай праграме "Чыстыя палі", на рэалізацыю якой укладзена шмат рэсурсаў для забеспячэння поўнаты гектара, уборкі хмызнякоў, павелічэння контурнасці палёў, паляпшэння ўрадлівасці глебы, Прыдзвінскі край дасягае добрых вынікаў. Так, за тры гады ўведзена ў эксплуатацыю 200 тыс.га земляў, раней выведзеных з сельскагаспадарчага абароту. Сёння іх ураджайнасць складае 32 ц/га. Атрымана больш за 1,5 тыс. камбайнаў, што дазваляе ў найкароткія тэрміны праводзіць уборку. Забяспечваецца ўласная кармавая база для жывёлагадоўчага напрамку, якое сёння складае 631 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 5,5 млн. птушак, 510 тыс. галоў свіней. "Віцебская вобласць і ў далейшым мае намер працягваць актыўную працу па развіцці аграпрамысловага комплексу", - падкрэсліў губернатар, адзначыўшы, што ў гэтым годзе ў рэгіёне плануецца ўзняць яшчэ 115 тыс.га земляў каля ферм. На іх будуць пасеяны бабовыя культуры, што дасць магчымасць атрымліваць камбікармы.-0-