Віцебскаму абласному дыягнастычнаму цэнтру падарылі абсталяванне для сурдапедычнага аддзялення
8.2.20120 праглядаў
8 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр атрымаў сёння ў дар ад пасольства Рэспублікі Польшча і грамадскай дабрачыннай арганізацыі слыхарэчавой дапамогі "Вербалік" медыцынскае абсталяванне для сурдапедычнага аддзялення цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як сказаў журналістам галоўны ўрач дыягнастычнага цэнтра Уладзімір Арэх, аддзяленне атрымала аўдыёметр імпедансны, сістэму рэгістрацыі слыхавых выкліканых патэнцыялаў і атаакустычнай эмісіі Eclipse. Абсталяванне выраблена ў Даніі, яго кошт складае больш за 40 тыс. еўра. Дыягнастычныя прыборы дазваляюць праводзіць комплексную экспертную ацэнку стану слыху ў найкароткія тэрміны, не выязджаючы ў Мінск у рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр отарыналарынгалогіі, а таксама праводзіць рэабілітацыю дзяцей з парушэннем слыху, пачынаючы з перыяду нованароджанасці: вызначаць паказанні да слыхапратэзавання, аператыўнага лячэння, ажыццяўляць рээдукацыю слыху. "Абсталяванне будзе спрыяць павышэнню якасці аказання медыцынскай дапамогі ў Віцебскай вобласці, дазволіць найбольш поўна ўкараніць сістэму аўдыялагічнага скрынінгу дзяцей ранняга ўзросту. А галоўнае - прывядзе да своечасовай інтэграцыі дзяцей з парушэннем слыху ў грамадства", - падкрэсліў Уладзімір Арэх.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Шэпка, які прымаў удзел у цырымоніі, паведаміў, што ў Віцебску пасольства сумесна з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй "Вербалік" ажыццявіла другі праект у рамках праграмы малых грантаў. Першы быў рэалізаваны ў Гомелі ў 2010 годзе. Тады было набыта медыцынскае абсталяванне для Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі на суму больш за 54 тыс. еўра.
Як адзначыў пасол, выбар у рэалізацыі другога праекта выпаў на Віцебск невыпадкова. Віцебская вобласць аказала Польшчы дапамогу ў трагічны час, калі пад Смаленскам разбіўся самалёт з кіраўніком польскай дзяржавы і высокапастаўленымі чыноўнікамі. У аэрапорце "Віцебск" была арганізавана сустрэча самалётаў з дзяржаўнымі чыноўнікамі і сваякамі загінулых, якія затым аўтамабільным транспартам перавозіліся да месца авіякатастрофы, нагадаў Лешак Шэпка. "Усё было арганізавана на высокім узроўні. Гэта кранальны момант, пра які мы памятаем", - дадаў ён.
У Віцебскай вобласці зарэгістравана каля 7 тыс. дзяцей з парушэннем слыху, з іх з цяжкай нейрасенсарнай глухатой – 580, з лёгкай і ўмеранай глухатой – больш за 1,5 тыс., звыш 1,8 тыс. – з аднабаковай. Штогод у вобласці выяўляецца каля 500 дзяцей з рознымі парушэннямі слыху. Летась у вобласці нарадзілася 12336 дзяцей, з іх парушэнне слыху выяўлена ў 14 немаўлят.-0-
БЕЛТА