Візіт прэзідэнта Літвы ў Беларусь дазваляе разлічваць на пашырэнне партнёрства дзвюх краін
21.10.20100 праглядаў
21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ ў Беларусь дае падставы разлічваць на пашырэнне партнёрства дзвюх краін у эканамічнай і палітычнай сферах. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь доктар палітычных навук Сяргей Кізіма.
Гаворачы пра значэнне і вынікі візіту літоўскага прэзідэнта ў Беларусь, ён вылучыў два аспекты – эканамічны і палітычны. Касаючыся апошняга, эксперт нагадаў, што Літва ў наступным годзе будзе старшынстваваць у АБСЕ, змяніўшы Казахстан, і ў сувязі з гэтым наша краіна спадзяецца на паслядоўнае паляпшэнне адносін з гэтай міжнароднай арганізацыяй. "За час старшынствавання Казахстана адносіны Беларусі з АБСЕ змяніліся да лепшага. Наша краіна разлічвае, што падчас старшынствавання Літвы гэтая тэндэнцыя захаваецца", – сказаў Сяргей Кізіма. Тым больш што Даля Грыбаўскайтэ падчас візіту пацвердзіла намер у будучыні працягваць курс на развіццё добрасуседскіх адносін з Беларуссю.
На думку эксперта, ёсць падставы чакаць у хуткім часе пазітыўных зрухаў у эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Літвы, у тым ліку росту таваразвароту паміж краінамі, аб'ём якога знізіўся з-за крызісу. Дарэчы, менавіта крызіс падштурхнуў новых членаў ЕС, у прыватнасці Літву, да больш актыўнага пошуку гандлёва-эканамічных партнёраў за межамі Еўрасаюза, упэўнены эксперт. Справа ў тым, што старыя члены ЕС, перажываючы наступствы крызісу, аказаліся не здольныя ў ранейшым аб'ёме даваць эканамічную падтрымку новым удзельнікам, дапамагаючы ім больш паспяхова адаптавацца да ўмоў Еўрасаюза. "Таму ўсё больш лідараў новых членаў ЕС усведамляюць неабходнасць больш сур'ёзна задзейнічаць рэсурсы дзяржпарату для самастойнага вырашэння эканамічных праблем, якія ўзнікаюць", – растлумачыў Сяргей Кізіма.
У такіх умовах вялікае значэнне набываюць узаемныя інвестыцыі. "У кожнай з краін ёсць моцныя бакі ў асобных галінах эканомікі. Узаемадзеянне ў гэтых галінах будзе мець пазітыўны эфект для абодвух бакоў", – лічыць Сяргей Кізіма.
Эканомікі дзвюх краін аб'ядноўвае такі фактар, як залежнасць ад імпарту энергетычных рэсурсаў. У абаюдных інтарэсах Беларусі і Літвы развіваць новыя маршруты для пастаўкі энергетычных рэсурсаў, без якіх немагчыма эфектыўнае развіццё эканомікі.
Сергей Кізіма звярнуў увагу на тое, што эканамічнае партнёрства прынясе выгаду кожнаму з бакоў. Напрыклад, Літве без Беларусі надзвычай цяжка цалкам рэалізаваць транзітны патэнцыял. Ён будзе больш эфектыўна выкарыстаны, калі павялічыцца аб'ём грузаў, якія экспартуюцца і імпартуюцца Беларуссю праз Літву. У сваю чаргу Беларусь, не маючы выхаду да сусветнага акіяна, можа прапанаваць Літве пэўныя прэферэнцыі за прадастаўленне большых магчымасцей для выхаду беларускіх тавараў і камплектуючых на сусветны рынак.-0-
БЕЛТА