01 лістапада, Лепель /Соб.інф./. Ветраны млын, чорны заяц, срэбная кувшинка… Ці можна аб’яднаць гэты жывы і нежывы свет у аднародны шэраг? Аказваецца, можна і лёгка.
01 лістапада, Лепель /Соб.інф./. Ветраны млын, чорны заяц, срэбная кувшинка… Ці можна аб’яднаць гэты жывы і нежывы свет у аднародны шэраг? Аказваецца, можна і лёгка. Да прыкладу, калі паглядзець на гербы Віцебшчыны: менавіта яны іх галоўныя элементы. У гэтым пераканаліся наведвальнікі геральдычнай выстаўкі, нядаўна адкрытай у Доме рамёстваў «Скарбонка».
Прадстаўляў яе Сяргей Рублеўскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама – начальнік аддзела па архівах і справаводстве. Гэты чалавек не па чутках ведае, якую ўдумлівую і скрупулёзную працу трэба прарабіць архівістам перад тым, як у горада з’явіцца герб – ад вывучэння гістарычнага матэрыялу да падрыхтоўкі праекта Указа Прэзідэнта РБ. Як і ў далёкія часы, сёння за кіраўніком дзяржавы канчатковае рашэнне аб прыняцці герба нават самай маленькай вёскі. Праўда, да гэтага яго павінны зацвердзіць на ўсіх узроўнях - ад мясцовага да рэспубліканскага.
Паказаць разнастайнасць афіцыйных сімвалаў нашай вобласці, а таксама прапагандаваць патрыятычнае выхаванне – галоўныя мэты выстаўкі. Гербы – гэта вялікая каштоўнасць, у іх захоўваецца памяць продкаў, якія жылі на гэтай зямлі, яны звязваюць мінулае і сучаснасць. «Гербы Віцебшчыны» - цяпер іх 42 – у сабранай калекцыі спачатку ўбачылі жыхары гарадоў, у якіх знаходзяцца дзяржаўныя архівы – Полацк, Глыбокае, Орша, Віцебск. І гэтую выставу Сяргей Васільевіч прывозіць на малую радзіму - Лепельшчыну.
Геральдыка - навука складаная, якая жыве па сваіх законах. І проста паглядзеўшы на яе сімволіку, не заўсёды можна правільна ўлавіць закладзены сэнс. А яшчэ гербы трэба ўмець чытаць. Гэтаму і пастараўся навучыць адзінаццацікласнікаў СШ №1 Сяргей Васільевіч падчас прэзентацыі выстаўкі. На імправізаваным уроку геральдыкі дзеці даведаліся, што аснова любога герба – шчыт. І існуюць іх некалькі відаў, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго формамі. Адны з самых распаўсюджаных - іспанскі, французскі, варажскі. Яшчэ аказваецца, што лева-права герба не супадаюць з гэтымі бакамі гледача. У геральдыцы засталася традыцыя - глядзець на шчыт вачыма рыцара, які трымае яго.
Дакладнай даты ўзнікнення ніхто, безумоўна, не назаве, але вось масавае іх выкарыстанне звязваюць з крыжовымі паходамі, якія пачаліся з 1096 года. Апранаючы даспехі з галавы да ног, рыцары не пакідалі шанцу іншым якім-небудзь чынам ідэнтыфікаваць яго не тое што здалёк, але і зблізку. Таму менавіта гербы сталі «апазнавальнымі» знакамі: яны распавядалі, адкуль рыцар, з якога роду, якія ў яго заслугі. На рыцарскіх жа турнірах з'явіліся нават «спецыялісты», у абавязкі якіх уваходзіла «счытваць» гербавую інфармацыю і па ёй прадстаўляць рыцара публіцы. «Герольды» - так называлі гэтых знаўцаў.
Проста абазначыць колеры герба нават для герольдыстаў таго часу было недастаткова. Як, дапусцім, падкрэсліць чырвоным сваю сілу, калі ў распараджэнні толькі чорна-белы малюнак? Як гэта зрабіць, яшчэ ў 17 стагоддзі прыдумаў італьянскі езуіт Сільвестр Петра-Санкта. Яго метад шафіроўкі – умоўная перадача колеру чорнымі лініямі – выкарыстоўваецца і сёння. Дзякуючы ёй можна даведацца, якім быў гістарычны герб, а таксама перадаць інфармацыю нашчадкам аб цяперашнім. Галоўнае толькі не памыліцца, расшыфроўваючы гэтыя лініі. Не пераблытаць, да прыкладу, зялёны і пурпурны: абодва перадаюцца дыяганалямі, якія хіба што «глядзяць» у процілеглыя бакі.
Гледзячы на гербы Віцебшчыны, разумееш, геаграфічны фактар нярэдка ўзяты за аснову пры іх стварэнні. Што наша вобласць – край азёр і рэк, пацвярджае блакітны колер, які выкарыстоўваецца на многіх гербах, паўтараецца і такі элемент як карабель. Значная падзея мінулага – таксама часта адлюстроўваецца на гербах. Дарэчы, «сюжэт» лепельскага супадае з геральдычнымі сімваламі Віцебскай вобласці – у цэнтры герба і сцяга той жа узброены вершнік.
Адметнасці, вядома, ёсць: адна з іх – пяць зубцоў кароны Віцебскага герба супраць трох лепельскіх. Карона на тры зубцы давалася тым гарадам, у якіх пражывала менш за 50 тысяч чалавек. Новае жыццё лепельскі герб, зацверджаны ў 1852 годзе імператарам Мікалаем II, атрымаў у 2009 годзе.
Напрыканцы сустрэчы Сяргей Васільевіч уручыў дырэктару Дома рамёстваў першы ў гісторыі Віцебскай вобласці гербоўнік, выдадзены ў 2010 годзе – «Геральдычны вянок Віцебшчыны». Гэтая кніга ўключае апісанне 37 гербаў і 26 сцягоў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак вобласці, тлумачыць выкарыстанне каляровай гамы ў геральдыцы, асноўных фігур, розных відаў шчытоў. Дырэктар Дома рамёстваў падзякавала госця за прэзентацыю выставы і ўручыла сувеніры на памяць. Незвычайная для нашага раёна выстава працягнецца да пачатку лістапада.
Кацярына АСОЎСКАЯ
На фота: Сяргей Васільевіч тлумачыць, чым адрозніваецца герб Віцебскай вобласці ад герба нашага горада.