Што неабходна, каб мерапрыемства стала яркім, цікавым і надоўга запомнілася гледачам?

Што неабходна, каб мерапрыемства стала яркім, цікавым і надоўга запомнілася гледачам? Арыгінальны сцэнарый, выдатная музыка і, вядома ж, абаяльнасць артыстаў. Разам з вядучымі гледачы апынуліся ў віры святочнай падзеі, якая ўражвае і падымае настрой. Не выключэннем стаў і конкурс, які сёлета праводзіўся работнікамі Лепельскага раённага Дома культуры ў Слабадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Аднак гэта была не зусім звычайная падзея. Кожны з гледачоў адчуў сябе госцем тэлеканала "Агра-ТV". Вядучыя Вольга Якубовіч і Дзмітрый Міхно прапанавалі прысутным паўдзельнічаць у здымках папулярнага тэлесерыяла пад назвай "Бітва аграгарадкоў". Акрамя артыстаў са Слабады ў творчы паядынак уступілі каманды Горскага сельскага клуба, а таксама Стайскага і Поўсвіжскага сельскіх Дамоў культуры.

Перад пачаткам конкурсу ўвазе гледачоў была прапанавана цудоўная выстава "Скарбніца талентаў", на якой можна было пабачыць непаўторныя творы, выкананыя ўмелымі рукамі майстроў. Уразілі сваёй прыгажосцю карціны на шкле, вышытыя крыжыкам, кампазіцыі з бісеру, сувеніры з тканіны і іншыя творы. Знаёмства з камандамі адбылося падчас першага этапу конкурсу "Візітная картка аграгарадка". Першай выступіла каманда з Горак. Сельскія артысткі расказалі аб сваім творчым жыцці пад музыку папулярнай песні "Сегодня праздник у девчат…". Зала напоўнілася смехам, калі ўдзельніцы каманды прадставілі сваё закуліснае жыццё, як ідзе падрыхтоўка да выступлення, калі "усё павінна прайсці, як па сале".

Цёплымі апладысментамі гледачы сустрэлі і каманду аграгарадка Стаі. Аб сваіх буднях артысты расказалі ў жартоўнай песні. Уразілі арыгінальнасцю артысты Поўсвіжскага СДК. Сельскія вакалісты сустрэлі гледачоў беларускай народнай песняй пад акампанемент баяніста Аляксандра Міхно, якую выразна дапоўніў эстрадны танец Лідзіі Ганчар. Народнымі спевамі, яркай харэаграфічнай кампазіцыяй уразілі гледачоў артысты Слабады.