28 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Нарыхтоўваць дровы, вязаць венікі і смажыць дранікі будуць 29 жніўня ўдзельнікі абласнога этапу конкурсу "Гаспадар сяла" ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным камітэце грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".

Абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Гаспадар сяла" пройдзе на базе УА "Абольская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна". У спаборніцтвах возьмуць удзел каля 20 сем'яў, якія выйшлі пераможцамі рэгіянальных этапаў конкурсу (у адборачных этапах узялі ўдзел каля 150 сем'яў).

Маладыя сем'і, некаторыя з іх маюць па 5-6 дзяцей, прадэманструюць свае дасягненні ў сельскай гаспадарцы і творчасці - парадуюць саленьнем і варэннем, павесяляць песнямі і танцамі. Пасля беларускага прывітання ўдзельнікі нарыхтуюць дровы. У ходзе конкурсу неабходна распілаваць бярвёны, насячы дровы і з ювелірнай дакладнасцю скласці іх у паленню.

Арганізатары адзначылі, што "разыначкай" цяперашняга "Гаспадара сяла" стане конкурс "На ўсе рукі майстра", у якім жанчыны будуць вязаць снапы, а мужчыны - лазневыя венікі. Каб вызначыць найлепшага вершніка, удзельнікам неабходна будзе запрэгчы і распрэгчы каня з возам у конкурсе "Святочны воз".

Заключным этапам спаборніцтва стануць конкурсы "Бульбашы" і "Сялянскія прысмакі". Сем'і будуць капаць бульбу і рыхтаваць з яе самыя смачныя дранікі, паспрабаваць якія змогуць не толькі члены журы, але і ўсе жадаючыя.

Сям'я-пераможца абласнога этапу конкурсу ў фінале згуляе з "Гаспадарамі" з іншых рэгіёнаў Беларусі. Сёлета заключны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Гаспадар сяла" пройдзе ў горадзе Жлобіне Гомельскай вобласці ў рамках рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2013".

Арганізатарамі абласнога этапу конкурсу выступаюць Віцебскі абласны камітэт ГА "БРСМ", камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, абласны Савет дэпутатаў, Шумілінскі раённы выканаўчы камітэт, абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, упраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.-0-

 

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)