16 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску з'яўляецца адной з самых яркіх і неардынарных культурных падзей у Беларусі. Такое меркаванне выказаў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністэрства культуры бачыць поспех гэтага форуму. Ён збірае гледачоў з усёй Беларусі і карыстаецца аўтарытэтам у замежных харэографаў. Гэты фестываль варты дзяржаўнай падтрымкі", - падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі.
Першы намеснік міністра таксама выказаў упэўненасць у тым, што цяперашні форум абавязкова адкрые нешта новае для гледачоў. Ён таксама адзначыў, што падрыхтоўка да правядзення наступнага фестывалю пачынаецца ўжо сёння. "Мы спадзяёмся, што частка мерапрыемстваў наступнага форуму ахопіць Мінск і іншыя гарады Беларусі", - дадаў Уладзімір Карачэўскі.
XXIV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску праводзіцца з 16 па 19 лістапада. Насычаная праграма ўключае творчае спаборніцтва сярод беларускіх калектываў, выступленні зорак сучаснай харэаграфіі еўрапейскага ўзроўню - канадскай кампаніі сучаснага танца RUBBERBANDance Group, тэатраў "Кіеў Модэрн-Балет" і "Балет Яўгена Панфілава". Білеты на ўсе мерапрыемствы былі прададзены за тыдзень да адкрыцця.
Форум закліканы папулярызаваць творчасць лепшых беларускіх калектываў сучаснага танца і спрыяць прасоўванню беларускіх харэографаў у еўрапейскую і сусветную культурную прастору. Сёння ён па праву лічыцца адным з самых прэстыжных фестываляў у галіне сучаснай харэаграфіі на тэрыторыі Еўропы. Заснавальнікамі форуму з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі і Віцебскі аблвыканкам. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".-0-
БЕЛТА
У.Карачэўскі: фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску – адна з самых яскравых культурных падзей Беларусі
16.11.20110 праглядаў