27 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Уладальнікі аграсядзібы адрадзілі вёску ў Полацкім раёне, расказала карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік інфармацыйнага цэнтра сельскага турызму і адпачынку - туроператара сельскага турызму ў Віцебскай вобласці Людміла Царэва.
Маленькая вёсачка Вараб'і знікла з карт у 1986 годзе. Праз чвэрць стагоддзя на гэтым месцы з'явілася агратурыстычная сядзіба "Матулін куток", а яе ўладальнікі сталі ініцыятарамі адраджэння паселішча. Мясцовыя ўлады пайшлі ім насустрач і ў 2011 годзе прысвоілі статус населенага пункта. Праўда, вёсачка атрымала новую назву - Булаўкі, але гэта не засмучае ўладальнікаў - галоўнае, што вёска існуе. Па словах Людмілы Царэвай, пакуль у вёсцы з адным домам няма электрычнасці, але турыстаў-экстрэмалаў гэта не спыняе. Як аказалася, газавая лямпа і свечкі прыносяць сваю адметнасць у вясковы адпачынак.
Сядзіба "Матулін куток" стала адной з 32 сядзіб - удзельніц абласнога конкурсу на лепшую аграэкасядзібу Віцебскай вобласці. Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымалі шэсць удзельнікаў у пяці намінацыях. Прычым упершыню журы прысудзіла перамогу адразу двум прэтэндэнтам у намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый". Усе пераможцы будуць прадстаўляць Віцебскую вобласць у рэспубліканскім конкурсе на лепшую аграэкасядзібу.
Па дадзеных упраўлення спорту і турызму, на пачатак бягучага года ў вобласці дзейнічалі 359 аграсядзіб. За першы квартал 2012 года іх колькасць узрасла на 21. Летась сядзібы прынялі на адпачынак амаль 19,6 тыс. турыстаў, гэта ў 1,5 раза больш, чым у 2010 годзе. Лідарамі па арганізацыі "зялёнага адпачынку" з'яўляюцца Браслаўскі, Мёрскі, Расонскі, Глыбоцкі, Полацкі і Пастаўскі раёны вобласці.-0-
БЕЛТА
Уладальнікі аграсядзібы адрадзілі вёску ў Полацкім раёне
27.4.20120 праглядаў