На ХIV пасяджэнні пленума Віцебскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» абраны новы першы сакратар моладзевай арганізацыі Віцебшчыны.
На ХIV пасяджэнні пленума Віцебскага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» абраны новы першы сакратар моладзевай арганізацыі Віцебшчыны. Ім стаў Уладзімір Бабічаў.
Удзел у пленуме прынялі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін, першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк.
Па словах Дзмітрыя Варанюка, для Віцебскай абласной моладзевай арганізацыі – гэта гістарычны момант. Віцебшчына адна з першых у краіне прыняла ўдар пандэміі COVID-19. Саюз моладзі даказаў, што ён – адзіны калектыў, сям'я, якая працуе дружна, плячом да пляча. Сёння моладзь працягвае вучыцца, працаваць на прадпрыемствах, у студэнцкіх атрадах, прыбіраць ураджай, удзельнічаць у валанцёрскіх праектах. Дзмітрый Варанюк падзякаваў прысутным лідарам раённых арганізацый, за якімі стаяць тысячы маладых сэрцаў.
На адрас былога першага сакратара абласной арганізацыі ГА «БРСМ» Вячаслава Хрола прагучалі словы падзякі, бо Вячаслаў Васільевіч быў актыўным і ініцыятыўным, аддаваў увесь час працы. Дзмітрый Варанюк узнагародзіў яго Ганаровай граматай Цэнтральнага камітэта за шматгадовую плённую працу і залатым значком «БРСМ».
– Праца ў моладзевай арганізацыі – гэта не этап жыцця, гэта цэлае жыццё, – адзначыў Вячаслаў Хрол. – БРСМ – гэта дом, наша сям'я, якая прыме цябе ў любым рэгіёне, бо ўсюды ёсць аднадумцы. Ніколі не губляйце адзін аднаго. Паглядзіце на камсамол – гэта годны прыклад, які павінны пераняць мы.
Старшыня піянерскай арганізацыі, сакратар ЦК ГА «БРСМ» і куратар Віцебскай вобласці Аляксандра Ганчарова падзякавала Вячаслава Хрола за добра выбудаваную сістэму працы з піянерскай арганізацыяй і выказала надзею, што новы лідар працягне плённае супрацоўніцтва.
Падтрымалі кандыдатуру Уладзіміра Бабічава і члены пленума, і аблвыканкам. Ён скончыў універсітэт культуры і мастацтваў, доўгі час працаваў у культуры, з'яўляецца дэпутатам Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў. Зарэкамендаваў сябе як пісьменны кіраўнік і актыўны чалавек. Гэта годны лідар!