На палітычным полі Беларусі неўзабаве з'явіцца новая партыя. На бягучым тыдні ў Мінску прайшло першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па стварэнні палітычнага аб'яднання, аснову якога складуць члены рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».
У мерапрыемстве ўдзельнічалі і прадстаўнікі Віцебшчыны. Пасля вяртання з Мінска кіраўнік абласной арганізацыі «Белая Русь», старшыня абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання Уладзімір Цярэнцьеў спецыяльна для «Віцебскіх вестак» пракаментаваў прынятыя аргкамітэтам рашэнні.
— Уладзімір Уладзіміравіч, размовы аб пераўтварэнні «Белай Русі» ў партыю вядуцца дастаткова даўно. Якія аргументы сталі вырашальнымі для таго, каб паставіць кропку ў гэтым пытанні?
— Сапраўды, дыскусія па гэтым пытанні вядзецца не першы год, вывучаецца грамадскае меркаванне. А сур'ёзным штуршком да прыняцця канчатковага рашэння сталі, хутчэй за ўсё, падзеі 2020 года. Тады, па сутнасці, неарганізаваная апазіцыя вываліла на вуліцы, а сярод тых, хто абараняў канстытуцыйны лад, апынуліся ў асноўным прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Гэта значыць, тыя, чые асноўныя задачы звязаны, перш за ўсё, з рэалізацыяй сацыяльных праектаў і ініцыятыў. У новай палітычнай сітуацыі мы востра адчулі неабходнасць стварэння партыі, якая б падтрымлівала прэзідэнцкі стратэгічны курс развіцця краіны, якая будзе выказваць і абараняць інтарэсы беларускага народа, у тым ліку ў рэалізацыі канстытуцыйных правоў, якія змяшчаюцца ў абноўленай рэдакцыі Асноўнага закона краіны.
У склад аргкамітэта па стварэнні новай партыі ўвайшлі не толькі прадстаўнікі «Белай Русі», але шырокага спектру структур грамадзянскай супольнасці — Саюза афіцэраў, ветэранскай арганізацыі, РГАА «Беларускае таварыства «Веды», і іншых. Мы ўжо бачым зацікаўленасць у партыйнай будаўніцтве актывістаў моладзевых, жаночых арганізацый. Сяброўства ў новай партыі будзе адкрыта і для грамадзян, якія пакуль яшчэ не ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці.
Падкрэслю: гаворка ідзе не аб пераўтварэнні адной арганізацыі ў іншую, а аб стварэнні новага палітычнага суб'екта. У сваю чаргу «Белая Русь» працягне працу як грамадскае аб'яднанне.
— Першы крок зроблены. Што далей?
— Цяпер пачынаецца падрыхтоўчая праца ў рэгіёнах, рыхтуецца правядзенне збораў ініцыятыўных груп. Правесці ўстаноўчы з'езд вырашана 18 сакавіка.