Улада застанецца перад людзьмі адкрытай і даступнай - А.Косінец
18.1.20120 праглядаў
18 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Улада застанецца перад людзьмі адкрытай і даступнай - гэта яшчэ раз пацвярджае закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які ўступае ў сілу. Такі пункт гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
Закон дазволіць дастаткова эфектыўна весці работу са зваротамі, перакананы губернатар. Разам з тым і людзі павінны з разуменнем ставіцца да таго, што адначасова вырашыць некаторыя праблемы не ўдаецца. Напрыклад, у Віцебскай вобласці значная частка зваротаў жыхароў датычыцца дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але ж гэтыя праблемы ўзніклі не ўчора - яны назапашваліся дзесяцігоддзямі. У абласным цэнтры востра стаіць праблема адсялення людзей з жылля, прызнанага непрыдатным для пражывання. Толькі на двух вуліцах неабходна знесці больш за 10 шматкватэрных дамоў, а наўзамен пабудаваць 210 новых кватэр, адзначыў Аляксандр Косінец. Паводле яго слоў, перапіска па гэтым пытанні вялася з 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя, і толькі ў 2012 годзе яе ўдасца цалкам зняць, прадаставіўшы людзям добраўпарадкаванае жыллё. На вырашэнне камунальных праблем рэгіёна неабходна каля Br3 трлн. Улады аб праблемах ведаюць і будуць іх планамерна вырашаць: сродкі ў бюджэце на гэтыя мэты закладзены і будуць закладвацца штогод.
"Мы гаворым - дзяржава для народа, але і народ павінен думаць пра дзяржаву. Ёсць справядлівыя і аб'ектыўныя звароты, на якія мы будзем адказваць і ў пісьмовым выглядзе, і па электроннай пошце, але ёсць звароты дзеля зваротаў", - заўважыў губернатар. З боку ўлады і грамадзяніна павінны быць узаемная павага і ўзаемаразуменне, падкрэсліў ён.
Як лічыць Аляксандр Косінец, дзелавая і аб'ектыўная размова са зваротнікам заўсёды будзе спрыяць вырашэнню яго праблемы. Ён упэўнены, што ў рабоце са зваротамі ў Віцебскай вобласці ніхто з чыноўнікаў не будзе загаворваць і валакіціць праблемы. "З людзьмі трэба па-чалавечы размаўляць, паважаць іх, і многія пытанні можна зняць, і не будзе скаргаў. Мы не баімся новых падыходаў", - сказаў ён.
Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" уступае ў сілу з 22 студзеня 2012 года. Ён накіраваны на комплекснае і сістэмнае рэгуляванне парадку рэалізацыі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі права на зварот у дзяржорганы і іншыя арганізацыі. У дакуменце прадугледжаны парадак правядзення асабістага прыёму грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Закон рэгламентуе правы і абавязкі заяўнікаў, а таксама абавязкі арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Устаноўлена працэдура абскарджавання адказаў, урэгулявана пытанне аб выдатках, звязаных з разглядам зваротаў.-0-
БЕЛТА