12 сакавіка, Полацк /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Улады Полацка забяспечаць месцы пражывання для ўсіх гасцей 1150-гадовага юбілею горада. Аб гэтым сёння журналістам заявіў старшыня Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Пазняк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасці з нагоды 1150-гадовага юбілею Полацка, размесцяць як у самім горадзе, так і ў Наваполацку, а таксама ў бліжэйшых раённых цэнтрах. Пры неабходнасці будзе задзейнічаны жыллёвы фонд устаноў адукацыі горада. Усяго гарадскія ўлады гатовы размясціць каля 3 тыс. чалавек.
Арганізатары ўрачыстасцей наладзяць падвоз турыстаў ад месцаў пражывання да месцаў святкавання. Госці, якія прыбылі на сваім аўто, будуць у поўнай меры забяспечаны парковачнымі месцамі.
Цяпер горад добраўпарадкоўваюць сіламі ЖКГ, арганізацый і мясцовага насельніцтва, дадаў Аляксандр Пазняк. Паводле яго слоў, у Полацку падрыхтавана ўсё неабходнае для прыёму турыстаў.
Урачыстасці, прысвечаныя 1150-годдзю Полацка, пройдуць з 25 мая па 5 чэрвеня. Запланаваны міжнародны інвестыцыйны форум, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Полацк і Полацкая зямля ў гісторыі і культуры Еўропы", фэст сярэднявечнай культуры "Рубон", канцэрт "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі" і іншыя мерапрыемствы. Завершыць святкаванне 1150-годдзя Полацка хрэсны ход ад Сафійскага сабора да Спаса-Праабражэнскай царквы, які пройдзе 5 чэрвеня ў дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай.-0-
БЕЛТА
Улады Полацка забяспечаць месцы пражывання для ўсіх гасцей 1150-гадовага юбілею горада
12.3.20120 праглядаў