8 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 10 красавіка ў Віцебску сустрэнецца з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў плануюць абмеркаваць увесь спектр актуальных пытанняў, якія тычацца развіцця беларуска-латвійскага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай галінах, а таксама ўзаемадзеяння па лініі Беларусь-ЕС. Акрамя таго, бакі разгледзяць вынікі практычнай рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый Беларусі і Латвіі, якое ўступіла ў сілу 1 лютага 2012 года.
Падчас візіту таксама плануецца падпісанне дагавора аб рэжыме дзяржаўнай мяжы. З беларускага боку на падпісанне дакумента ўпаўнаважаны старшыня Дзяржаўнага камітэта пагранічных войскаў Аляксандр Баечка, з латвійскага боку - начальнік Дзяржаўнай пагранічнай аховы Нормундс Гарбарс.
Латвійская Рэспубліка з'яўляецца важным эканамічным партнёрам Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе Латвія заняла 5-е месца па аб'ёме таваразвароту і 4-е месца па аб'ёме экспарту сярод краін, з якімі Беларусь ажыццяўляе знешні гандаль.