Укараненне гнуткіх сістэм аплаты працы павышае эфектыўнасць працы прадпрыемстваў - П.Грушнік
13.4.20120 праглядаў
13 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Укараненне гнуткіх сістэм аплаты працы павышае эфектыўнасць працы прадпрыемстваў. Такое меркаванне выказаў сёння першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Пётр Грушнік падчас рэспубліканскага навукова-практычнага семінара "Новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах першага намесніка міністра, нарматыўныя дакументы, якія дзейнічаюць сёння ў Беларусі, дазваляюць наймальнікам укараняць гнуткія ўмовы аплаты працы для матывацыі сваіх работнікаў і павышэння рэзультатыўнасці дзейнасці прадпрыемства ў цэлым. Асноватворнымі дакументамі ў аплаце працы работнікаў рэальнага сектара эканомікі з'яўляюцца Працоўны кодэкс, указ №181 і іншыя нарматыўна-прававыя акты. Мінпрацы і сацабароны сумесна з НДІ працы распрацаваў і зацвердзіў шэраг рэкамендацый, якія забяспечваюць метадалагічную аснову для прымянення ў арганізацыях гнуткіх сістэм аплаты працы. "Такім чынам, у рэальным сектары эканомікі створана дастатковая нарматыўна-прававая база для таго, каб наймальнік меў магчымасць устанавіць любую сістэму аплаты працы і заплаціць работнікам тую зарплату, якую яны зарабілі сваёй працай", - сказаў Пётр Грушнік, адзначыўшы, што прадпрыемствы, якія скарысталіся гэтымі магчымасцямі і ўкаранілі гнуткую сістэму аплаты працы, сёння паказваюць вынік.
У якасці прыкладу прадпрыемстваў, якія скарысталіся нормамі ўказа №49, які прадугледжвае магчымасць вызначэння персанальных умоў працы для канкрэтных работнікаў, нацэленых на канкрэтны вынік і якія атрымліваюць за гэта адпаведную аплату, першы намеснік міністра прывёў вытворчасці Віцебскай вобласці. У прыватнасці, ААТ "Купцоў" устанавіла з 1 ліпеня 2010 года штомесячнае ўзнагароджанне за эфектыўную працу 11 супрацоўнікам аддзела збыту. Як вынік: за 2011 год у параўнанні з 2010-м прадпрыемства павялічыла рэалізацыю прадукцыі ў 2,8 раза, валютную выручку на Br115 млн., у 2,4 раза экспарт прадукцыі. Сярэднямесячная заработная плата ў цэлым па прадпрыемстве ўзрос у 2 разы. У работнікаў, якім умовы аплаты працы ўстаноўлены згодна з нормамі ўказа, сярэднямесячная зарплата ўзрос у 2,8 раза. У ААТ "Віцебскі камбінат шаўковых тканін" за 2011 год таварнай прадукцыі выраблена ў 2,9 раза больш, чым за 2010 год, у 1,4 раза павялічылася паступленне валютнай выручкі за кошт росту экспартуемай прадукцыі. Сярэднямесячная заработная плата па прадпрыемстве вырасла ў 1,6 раза, а ў работнікаў, якім умовы аплаты працы ўстаноўлены па нормах указа №49, яна павялічылася ў 2,4 раза.
Яркім прыкладам з'яўляецца таксама Аршанскі льнокамбінат, асобныя менеджэры якога атрымліваюць зарплату вышэй, чым дырэктар, бо ад іх вынікаў наўпрост залежыць далейшы лёс і праца ўсяго калектыву. "Такіх работнікаў трэба падтрымліваць і стымуляваць, каб яны адчувалі сваю працу ацэненай па вартасці і хацелі працаваць менавіта на гэтым прадпрыемстве", - падкрэсліў Пётр Грушнік. Ён выказаў упэўненасць, што наймальнікі ўсведамляюць неабходнасць укаранення гнуткай сістэмы аплаты працы. "Мы прыйдзем да таго, што людзі зразумеюць: без гэтага не абысціся, таму што галоўная і абавязковая ўмова павышэння зарплаты - рост эканамічнага эфекту прадпрыемства. А для гэтага неабходна прастымуляваць працу работнікаў, нацэлены менавіта на выкананне актуальных у дадзены момант для прадпрыемства задач", - сказаў першы намеснік міністра.Паводле яго слоў, прадпрыемствы ў пэўнай ступені баяцца пераходзіць на новыя ўмовы працы ў сувязі са звычкай да адзінай сістэмы аплаты працы, якая існавала, у якой усё было дакладна і зразумела вызначана, у той час як новыя ўмовы могуць быць рознымі. Най-мальніку трэба памятаць, што ў кожнай арганізацыі могуць быць прыняты свае ўмовы стымулявання аплаты працы ў залежнасці ад той задачы, якую ім сёння неабходна вырашаць. Але для гэтага неабходна дакладна і лаканічна фармуляваць задачы, абапіраючыся на прынятую нарматыўную базу.
"Некаторыя гарачыя галовы прапануюць раскладваць па графіках укараненне новых гнуткіх умоў працы, але такога не будзе. Указ №181 толькі рэкамендуе ўкараняць гнуткія сістэмы, а прымяняць ці не прымяняць іх - гэта ўжо справа добраахвотная. Таму казаць пра гэта некарэктна. Кожны наймальнік павінен свядома падысці да дадзенага пытання і зразумець, што гэта справа патрэбная, ім неабходна займацца, і галоўнае - гэта дае вынік", - сказаў Пётр Грушнік.
Рэспубліканскі навукова-практычны семінар на тэму "Новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый", арганізаваны на базе кандытарскага камбіната "Віцьба", сабраў каля 40 кіраўнікоў і спецыялістаў навуковых і камерцыйных арганізацый, прадстаўнікоў Мінпрацы і сацабароны, аблвыканкамаў. Аналагічныя семінары будуць арганізаваны ў кожнай вобласці рэспублікі і Мінску на базе канкрэтных прадпрыемстваў. Наступны запланаваны ў Гомелі.-0-
БЕЛТА