24 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Укараненне інавацыйных тэхналогій тэрапіі з'яўляецца прыярытэтнай задачай дэрматаўенералагічнай службы Беларусі. Аб гэтым сёння заявіў галоўны пазаштатны дэрматовенералагічны лекар Міністэрства аховы здароўя Беларусі, доктар медыцынскіх навук, дацэнт кафедры скурных і венералагічных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Лук'янаў на VI з'ездзе дэрматовенералагічных лекараў у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прадстаўнік Мінздава адзначыў, што ў Беларусі адзначаецца змяненне структуры дэрматовенералагічных дыягназаў у бок павелічэння захворванняў на дэрматозы, на якія прыпадае каля траціны ўсіх дэрматовенералагічных дыягназаў, тады як на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППП), прыпадае каля 17%. У цэлым за апошнія дзесяць гадоў знізілася ўдзельная вага такіх захворванняў, як сіфіліс, ганарэя, сверб, у той жа час адзначаецца павелічэнне ўдзельнай вагі дэрматозаў, грыбковых захворванняў і хламідыйных інфекцый. Большасць пацыентаў дэрматовенералагічных лекараў складаюць хворыя на хранічныя дэрматозы, і ставіцца задача перабудаваць працу службы такім чынам, каб забяспечыць гэтых хворых рэальнай дапамогай, падкрэсліў Аляксандр Лук'янаў. Перш за ўсё гаворка ідзе аб інавацыйных тэхналогіях тэрапіі. Ужо вядзецца распрацоўка рэспубліканскай праграмы ўкаранення інавацый у працу дэрматовенералагічнай службы, у тым ліку фарміруецца рэспубліканскі спіс хворых, якія маюць патрэбу ў тэрапіі біялагічнымі прэпаратамі. У найбліжэйшай перспектыве трэба будзе таксама ўкараніць новыя клінічныя пратаколы лячэння, якія праходзяць узгадненне, папрацаваць над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы, адзначыў Аляксандр Лук'янаў. На працягу апошніх двух гадоў у Беларусі адзначаецца зніжэнне захворванняў на ІПП. У прыватнасці, у 2010 годзе ў параўнанні з 2009-м захворванне на сіфіліс скарацілася на 33%, ганарэю - на 16%, хламідыйныя інфекцыі - амаль на 20%. Гэта стала вынікам паслядоўнай працы ўсіх дзяржаўных службаў, у тым ліку дэрматовенералагічнай.