5 жніўня, Шклоўскі раён /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Увага да машынабудавання ў Беларусі будзе ўзмоцнена. Аб гэтым заявіў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нефармальнай сустрэчы з журналістамі рэгіянальных СМІ Магілёўскай і Віцебскай абласцей у аграгарадку Александрыя. "Машынабудаванне - самая цяжкая галіна ў свеце. Тут жудасная канкурэнцыя. Але нам і тут пашанцавала: на нашу тэхніку ёсць попыт. Таму мы цяпер інтэнсіўна развіваем гэту тэхніку. Перспектывы тут вялікія, ды і свой рынак патрабуе абнаўлення", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што развіццё гэтага напрамку абумоўлена не клопатам аб іміджы краіны, а наўпрост звязана з попытам на прадукцыю. "Той жа "Гомсельмаш" сёння палову тэхнікі прадае за межы Беларусі. І гэта добра: каб не было валютных крызісаў, палову трэба прадаваць за мяжу, а палову пакідаць у сябе", - рэзюмаваў Прэзідэнт. На полі ААТ "Александрыйскае" кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з апошняй распрацоўкай ПА "Гомсельмаш" - доследным узорам новага збожжаўборачнага камбайна GS-16 "Палессе". Па словах генеральнага канструктара ПА "Гомсельмаш" Андрэя Дзюжава, прапускная здольнасць машыны па хлебнай масе складае 16 кг/с, а яе галоўная асаблівасць заключаецца ў вялікім памеры жаткі, шырыня якой складае 9 м. Дасягнуць гэтага ўдалося за кошт арыгінальнага канструктарскага рашэння. Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку прадстаўленай распрацоўцы. "Добрая машына", - рэзюмаваў Прэзідэнт, адзначыўшы неабходнасць наладжвання яе серыйнай вытворчасці ў наступным годзе.-0-

БЕЛТА