Паводле інфармацыі Белгідрамета сёння на частцы тэрыторыі краіны назіраюцца дажджы, месцамі моцныя. На сераду ў некаторых раёнах прагназуецца туман.

На мокрай дарозе тармазны шлях значна павялічваецца, узнікае небяспека аквапланавання і заносаў. Вадзіцелям важна выбіраць найбольш бяспечную хуткасць, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал. Не дапускаць рэзкіх манеўраў, не адцягвацца падчас руху, асабліва пры праездзе пешаходных пераходаў і скрыжаванняў, закругленняў дарог. Варта прышпіліцца самім і забяспечыць бяспечную перавозку пасажыраў, асабліва дзяцей.

Перад пачаткам паездкі пераканайцеся ў спраўнасці сістэмы ацяплення салона, ацяплення шкла, люстэркаў, шчотак шклоачышчальнікаў, знешніх светлавых прыбораў. Пры недастатковай бачнасці ўключыце блізкае святло, процітуманныя фары.

Пешаходам у непагадзь варта надзяваць адзенне павышанай бачнасці, а ў цемнаце абавязкова пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Пры пераходзе праезнай часткі не закрываць сабе агляд капюшонам, глядзець па баках, пачынаць пераход, толькі пераканаўшыся, што кіроўцы вас заўважылі і паспяваюць спыніцца.

Усім удзельнікам дарожнага руху неабходна быць уважлівымі і прадказальнымі для іншых, старацца прагназаваць дзеянні навакольных!