3 снежня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Унук знакамітага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча прадставіў у Віцебску фотасюіту. Выстава "Сон Татліна. Фотапраект Міці Шастаковіча" экспануецца ў музеі "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыю ўвайшлі 19 чорна-белых фатаграфій, якія былі зроблены кампазітарам Дзмітрыем Максімавічам Шастаковічам 2 гады таму (у лістападзе-снежні 2011 года).

Аўтар, які прысутнічаў на вернісажы, адзначыў, што ўсе фатаграфіі праекта звязаны паміж сабой. "Гэтая фотасюіта распавядае пра тое, што сніцца Татліну - а яму сніцца бой са злом. Тут ёсць пачатак - фатаграфіі "Гучыць простая падбадзёрваючая музыка", кульмінацыя - "Штурм", перамога над злом - "Маладосць. Прыгажосць. Сіла" і ціхае замірэнне ў фінале", - распавёў ён.

Дзмітрый Шастаковіч падкрэсліў, што аснову фотапраекта складаюць працы, зробленыя на вуліцах Масквы, але ёсць сярод іх і трафей, прывезены з поўдня Францыі. "Фатаграфія "Перад атакай" зроблена на лініі Мажыно. Там жудасныя бункеры, калі глядзіш на іх і думаеш, што ў баі трэба ісці на гэтую громаду, становіцца не па сабе", - адзначыў аўтар.

Назвы работ, якія напісаны ў цэнтры чырвонымі літарамі, нясуць важную эстэтычную нагрузку. "Мне падабаецца, як выглядаюць літары", - сказаў Шастаковіч і дадаў, што спецыяльна размяшчае іх у цэнтры кампазіцыі.

Адпраўным пунктам праекта стала праца "Трывожна і добра". "Бывае, ідзеш па вуліцы і адчуваеш трывогу. І ад гэтай трывогі становіцца добра - разумееш, што павінна адбыцца нейкая важная падзея. Гэты стан і адлюстраваны на фатаграфіі, пасля якой і з'явіліся ўсе астатнія", - прызнаўся Дзмітрый Шастаковіч.

Аўтар падкрэсліў, што ў Віцебску адбылася прэм'ера яго праекта, да гэтага выстаўляліся толькі асобныя працы. "Я ўпершыню ў Віцебску і ўпершыню знаходжуся на вернісажы ўласных работ. Мне тут вельмі камфортна і па-дамашняму добра. Адчуваю, што прыеду зноў з больш аптымістычным праектам", - сказаў у заключэнне наваспечаны фотамастак.

На адкрыцці выставы прысутнічаў бацька Дзмітрыя - вядомы расійскі дырыжор і піяніст Максім Шастаковіч.

Выстава "Сон Татліна. Фотапраект Міці Шастаковіча" - адно з мерапрыемстваў XXV Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.І.Салерцінскага, які праходзіць у Віцебску з 1 па 22 снежня.