24 мая, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Унутрырэспубліканскія тарыфы на праезд у пасажырскіх цягніках у Беларусі не плануюцца павышаць у бліжэйшы час. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік аддзела па каардынацыі работы вакзалаў пасажырскай службы Беларускай чыгункі Уладзімір Столяр, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Унутрырэспубліканскія тарыфы ў бліжэйшы час змяняцца не будуць, узровень захаваецца існуючы", - адзначыў прадстаўнік БЧ, удакладніўшы, што ў летні перыяд павышэння не плануецца. Пры гэтым ён нагадаў, што тарыфы на ўнутрырэспубліканскія пасажырскія чыгуначныя перавозкі вызначаюцца Міністэрствам эканомікі. Акрамя гэтага, не плануецца рэзкага павелічэння кошту праезду і ў міжнародных пасажырскіх цягніках. "Калі не будзе змяняцца курс швейцарскага франка, да якога прывязаны міжнародныя тарыфы на цягнікі, якія ідуць у СНД і краіны Балтыі, а таксама курс еўра, да якога прывязаны тарыфы на цягнікі далёкага замежжа, то рэзкіх змяненняў кошту праезду не чакаецца, - распавёў Уладзімір Столяр. - Летась БЧ сама па сабе цэны не павышала, рост цэн адбыўся толькі з-за таго, што рэзка вырас курс швейцарскага франка і курс еўра". "У нас ужываецца гнуткая сістэма рэгулявання тарыфаў па перыядах года, з РЧ, да прыкладу, дзейнічае 21 перыяд, - дадаў спецыяліст. - Летам кошт праезду крыху вышэйшы, чым у восеньска-зімовы перыяд". Адказваючы на пытанне журналістаў, як паўплывае на ўзровень тарыфаў на праезд у цягніках уваходжанне Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору, Уладзімір Столяр адзначыў, што змены будуць, аднак гэта вельмі далёкая перспектыва. "Нешта зменіцца, але нам сёння гаварыць пра гэта рана. Адназначна праследуецца мэта сыходу ад перакрыжаванага субсідавання", - сказаў ён. Па словах спецыяліста, большасць міжнародных пасажырскіх чыгуначных перавозак сёння рэнтабельныя, унутраныя перавозкі - стратныя, аднак яны сацыяльна значныя і тарыфы на іх утрымліваюцца. Па выніках студзеня-красавіка гэтага года па БЧ перавезена больш за 28 млн. пасажыраў, што перавысіла ўзровень студзеня-красавіка папярэдняга года на 17,7%. Мясцовымі пасажырскімі цягнікамі за названы перыяд перавезена на 30,3% больш, чым за аналагічны перыяд 2011 года, прыгараднымі цягнікамі і цягнікамі гарадскіх ліній - на 16,9% больш. У міжнародных зносінах перавозкі пасажыраў выраслі на 5,6%.