21 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Кіроўцы трамваяў з розных гарадоў Беларусі і Смаленска спаборнічаюць сёння ў прафесійным майстэрстве ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Васіль Паўлючкоў.

Сярод удзельнікаў конкурсу – прадстаўнікі Віцебска, Мінска, Наваполацка, Мазыра, а таксама госці са Смаленска (Расія), якія спаборнічаюць з беларусамі на роўных. Спецыяльна для гэтага арганізатарам нават давялося дапрацаваць палажэнні конкурсу. Спаборніцтва ўключае два асноўныя этапы. На першым члены журы ацэняць веды конкурсантамі правілаў дарожнага руху, прылады трамвая, службовых інструкцый, іншых нарматыўных дакументаў. Затым трэба будзе прайсці сіта практычнай часткі, прадэманстраваўшы парадак прыёмкі і здачы трамвая, парадак абслугоўвання пасажыраў ад моманту пасадкі, руху па маршруце да высадкі. Канкурэнтам таксама трэба будзе выканаць заданні, звязаныя з вызначэннем і ліквідацыяй магчымых непаладак, што ўзніклі па ходзе руху трамвая.

Прафесіяналізм удзельнікаў будзе ацэчвацца баламі. Тым, хто набраў найбольшую колькасць, уручаць дыпломы пераможцаў і каштоўныя прызы.

"Конкурс закліканы папулярызаваць прафесію кіроўцы трамвая, спрыяць павышэнню прафмайстэрства прадстаўнікоў дадзенай прафесіі, а таксама з'яўляецца выдатнай магчымасцю для зносін, абмену вопытам і перадавымі дасягненнямі", - адзначыў Васіль Паўлючкоў, дадаўшы, што ў складзе дэлегацый, якія сабраліся ў Віцебску з гэтай мэтай, прыбылі, акрамя непасрэдных удзельнікаў конкурсу, тэхнічныя спецыялісты і кіраўнікі прадпрыемстваў.

Мерапрыемства прымеркавана да святкавання Віцебскім трамвайна-тралейбусным упраўленнем 115-гадовага юбілею, які прадпрыемства адзначыла 18 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень 115 гадоў таму ў Віцебску ў свой першы рэгулярны рэйс на лінію выйшлі трамваі.-0-