29 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ваеннаслужачы в/ч 5524 УВ МУС Беларусі Яўген Чарнагузаў і дзяўчына-педагог 28 верасня выратавалі віцябляніна пры самагубстве. Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА Яўген Чарнагузаў, вяртаючыся дадому пасля службы на маршрутным таксі, ён убачыў, як на мосце імя Шмырова праз раку Лучоса хлопец 20-25 гадоў пералазіць праз парэнчы з намерам скокнуць. Спыніць самагубцу з усіх прахожых, якія знаходзіліся ў той момант на мосце, спрабавала толькі адна дзяўчына, як высветлілася пазней - педагог-дэфектолаг адной са школ горада. Рэакцыя служачага ўнутраных войскаў была імгненнай: спыніўшы маршрутку (па патрабаванні чалавека ў форме кіроўца затармазіў адразу), ён кінуўся на дапамогу. Убачыўшы набліжэнне ваеннаслужачага, малады чалавек на мосце пачаў крычаць, каб той спыніўся. Завязаць размову з ім не ўдалося, бо хлопец усё ж такі скокнуў з моста. Яўген хутка спусціўся да вады і пачаў выцягваць цела пацярпелага, дапамогу ў гэтым яму аказаў адзін з рыбакоў, які знаходзіўся побач. Дзяўчына ў гэты час выклікала хуткую дапамогу. На шчасце, маладога чалавека ўдалося выратаваць. "Парню пашанцавала: скокнуўшы з прыстойнай вышыні, ён мог разбіцца аб дно, бо глыбіня ў гэтым месцы была ўсяго каля метра", - адзначыў Яўген. У цяперашні час малады чалавек знаходзіцца ў Віцебскай абласной бальніцы, матывы яго ўчынку яшчэ трэба будзе высветліць лекарам і работнікам міліцыі. Яўген Чарнагузаў адзначаны прэміяй, інфармацыя аб яго ўчынку перададзена начальствам вышэйшаму кіраўніцтву.-0-

БЕЛТА