Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў зварот воінам-інтэрнацыяналістам, ветэранам вайны ў Афганістане з нагоды Дня памяці. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтая дата навекі журботная, але ў той жа час гераічная і ўрачыстая.
"Беларусь заўсёды будзе памятаць салдат і афіцэраў, якія прайшлі праз суровыя выпрабаванні, праяўлялі самаадданасць і адвагу ў гарачых кропках планеты. Тых, хто прыняў на сябе ўдар міжнароднага тэрарызму, які распаўсюджваўся ў тыя гады", - гаворыцца ў звароце.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цана гэтага жорсткага процістаяння - тысячы жыццяў маладых хлопцаў, рэкі слёз зламаных горам маці, удаў і дзяцей. "Памяць аб страце назаўжды застанецца незагойной ранай для беларускага народа. Мы бясконца ўдзячныя лёсу за кожнага воіна, які вярнуўся дадому. Рады за ўсіх, хто знайшоў свой шлях у мірным жыцці", - заявіў Прэзідэнт.
Па словах кіраўніка дзяржавы, з'яўляючыся ўзорам мужнасці і гонару, воіны-інтэрнацыяналісты сталі сімвалам вернасці прысязе і воінскаму абавязку, імі ганарацца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, на іх роўняецца маладое пакаленне.