Упершыню ў Лепелі прайшоў Калядны турнір па валейболе сярод жаночых і мужчынскіх каманд навучальных устаноў на прызы прыхода храма Перамянення Гасподняга. Два дні юнакі і дзяўчаты змагаліся за права лічыцца лепшымі валейбалістамі.

Упершыню ў Лепелі прайшоў Калядны турнір па валейболе сярод жаночых і мужчынскіх каманд навучальных устаноў на прызы прыхода храма Перамянення Гасподняга. Два дні юнакі і дзяўчаты змагаліся за права лічыцца лепшымі валейбалістамі.

Пачаўся турнір з пастраення і прывітальнага слова настаяцеля храма Перамянення Гасподняга іерэя Сергія Лешкевіча.

У спаборніцтве ўдзельнічалі сем каманд дзяўчат і восем каманд юнакоў. Асноўнае патрабаванне для іх – узрост не старэйшы за 1996 год нараджэння. Хлопцы і дзяўчаты гулялі ў спорткомплексе адначасова на дзвюх пляцоўках.

Турнір адкрылі вучаніцы СШ №1 і Пышнянскай дзіцячы сад-СШ, а таксама вучні Бараўскай СШ і СШ №3. Па выніках першага дня з дзяўчат у падгрупе А у лідары выйшлі стайскія школьніцы. Яны абыгралі Бараўскую СШ, гімназію ім. І. М. Ерашова, СШ №3 з аднолькавым лікам – 2:0. У падгрупе В першымі сталі пышнянскія дзяўчаты, пакінуўшы ззаду спартсменак СШ №1, Заслаўскай СШ і Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Гульні наступнага дня карціну, якая склалася, істотна не змянілі. У барацьбе за трэцяе месца ліцэісткі перамаглі вучаніц Бараўскай СШ. А вось у фінал выйшлі даўнія супернікі – Пышна і Стаі.

Тры гады запар у раённай спартакіядзе сярод сельскіх школ менавіта гэтыя каманды сустракаліся ў фінальных гульнях. Два разы пераможцамі станавіліся стайскія школьніцы.

І пакуль дзяўчаты разыгрываюць першае месца, хлопцы ўжо атрымліваюць узнагароды. Першымі ў турніры становяцца спартсмены ліцэя. З лікам 0:2 ім саступаюць заслаўскія школьнікі. З такім жа лікам перамагаюць гімназістаў бараўскія валейбалісты: яны займаюць трэцяе месца.

Кожная з каманд атрымлівае салодкія прызы – тарты, а спартсмены, якія занялі тры першыя месцы, -- яшчэ і валейбольныя мячы. Цяпер трэніравацца яны могуць з новым спартыўным інвентаром.

Сярод каманд дзяўчат напружаная гульня працягваецца. Новая перамога… 2:0 – зноў на карысць пышнянскіх школьніц. Зрэшты, стайскія валейбалісткі прайграюць не ўсухую: вынік фіналу – 2:1.

Лепшыя валейбалісткі вызначаны. Тарты і мячы ўручаюць камандам, якія трапілі ў тройку пераможцаў. Зрэшты, без салодкіх прызоў не застаюцца і іншыя спартсмены.

Кацярына АСОЎСКАЯ