Звычайна марамі дзеляцца толькі з самымі блізкімі. Аднак, няма правілаў без выключэнняў. Да прыкладу, з радасцю распавядаюць пра свае запаветныя жаданні навучэнцы мастацкага напрамку дзіцячай школы мастацтваў.

Звычайна марамі дзеляцца толькі з самымі блізкімі. Аднак, няма правілаў без выключэнняў. Да прыкладу, з радасцю распавядаюць пра свае запаветныя жаданні навучэнцы мастацкага напрамку дзіцячай школы мастацтваў. Праўда, выказваюць думкі яны не словам, а фарбамі і на палатне. Эйфелева вежа і пунсовыя ветразі, што плывуць удаль на захадзе сонца, – не адну «Мару» выставілі юныя мастакі ў галерэі «АРТ Лепель». Па традыцыі на апошняй выставе навучальнага года ў фае цэнтральнай раённай бібліятэкі настаўнікі і дзеці сабраліся, каб падвесці вынікі. Розныя тэхнікі, розныя жанры… Ёсць тут і графіка, калажы з нітак і акварэльныя карціны, нацюрморты і аўтапартрэты… Дзіўляюць разнастайнасцю і сюжэты. Так, характар капрызнай дзяўчыны выразна перадала Анастасія Басак: белы кот на павадку, чырвоная сукенка, шпількі, паказальны палец, накіраваны ў бок сціплага хлопчыка. Гледзіш на гэту карціну «Давай дружыць» - і разумееш: дружба наўрад ці атрымаецца…

- Сёлета мае вучні працавалі над гістарычнымі працамі ў графічнай тэхніцы, - кажа Аляксандр Саўчанка. – У наступным – паспрабуем нешта больш свабоднае ў творчым плане, чым маляванне з натуры.

Шэсць класаў і пяцьдзесят вучняў… На выставе лепшых з іх загадчыца мастацкага напрамку ДШМ Марына Будрэвіч узнагароджвае граматамі. Сёлета ўсяго трое выпускнікоў, двое з іх працягнуць навучанне пасля заканчэння школы на гаспадаркаразліковай аснове.

Не забываюць узгадаць на выставе і пра поспехі сваіх выхаванцаў. Так, працы Анастасіі Шчарбач і Дар'і Сімака прайшлі ў фінал XIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчалка». Насця пафантазіравала на тэму казачных жывёл, а Дар'я, сёлетняя выпускніца, зрабіла калаж з нітак.

Гэтыя карціны ўбачыць не ўдалося: яны адправіліся на конкурс у горад Клімавічы. Затое Дар'я паказала сваю іншую працу «Ноч»: на ёй за галінамі дрэва хаваецца велізарны месяц. Аказваецца, калаж «Захад сонца», які прайшоў адбор на фестываль, паўтарае гэту кампазіцыю, толькі выкананы ў іншых колерах.

Павіншавалі з адкрыццём выставы навучэнцаў не толькі іх педагогі, але і работнікі раённай бібліятэкі, уручыўшы дзецям вялікі пірог. Дружнае «дзякуй» настаўнікам сказалі і самі вучні.