4 сакавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Пытанне аб павышэнні памеру дапамогі па беспрацоўі не знята з парадку дня. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Пётр Грушнік сёння падчас прамой тэлефоннай лініі па пытаннях занятасці насельніцтва і сітуацыі на рынку працы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнік міністэрства прызнаў, што ў цяперашні час сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі невысокі (у студзені бягучага года - Br54,3 тыс.). "Пытанне аб узмацненні сацыяльнай абароны грамадзян, якія часова страцілі працу, знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі, - сказаў Пётр Грушнік. - І пакуль нельга даць адназначны адказ".
Жыхары з розных рэгіёнаў Беларусі (Мінска, Віцебскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцей) падчас тэлефоннага дыялогу з першым намеснікам міністра не толькі задавалі хвалюючыя іх пытанні, дзяліліся сваімі праблемамі, але і выказвалі свае прапановы. Прычым яны тычыліся не толькі сферы занятасці, але і сацыяльнага абслугоўвання, аплаты працы і выплаты заробку, аховы працы. А больш за ўсё паступіла пытанняў па памерах дзіцячых дапамог і перспектывах іх павелічэння.
Пётр Грушнік адзначыў, што памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці павялічыцца ўдвая ўжо з наступнага года. Прадугледжваецца таксама павелічэнне дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў - да 35-40% ад сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы. Гаворка ідзе і аб падаўжэнні на два тыдні дародавага водпуску. "Гэтыя і іншыя значныя меры падтрымкі сям'і закладзены ў праект Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады, - канстатаваў Пётр Грушнік. - Чакаецца, што яна будзе прынята ў канцы сакавіка гэтага года. Тады і можна будзе гаварыць з поўнай упэўненасцю аб тым, як будзе будавацца дэмаграфічная палітыка, у тым ліку і па стымуляванні нараджальнасці, падтрымцы сем'яў з дзецьмі".
На большасць пытанняў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны адказаў непасрэдна падчас прамой тэлефоннай лініі. А тым, каму патрэбныя дадатковыя тлумачэнні (у тым ліку каб адстаяць сваю кропку гледжання перад наймальнікам), параіў звярнуцца пісьмова ў міністэрства. "Спецыялісты гатовыя даць кваліфікаваныя адказы на такія звароты грамадзян", - падкрэсліў Пётр Грушнік і запэўніў, што практыка правядзення прамых ліній працягнецца.-0-
БЕЛТА
Пытанне аб павышэнні памеру дапамогі па беспрацоўі не знята з парадку дня
4.3.20110 праглядаў