22 сакавіка, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Пытанне аб павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва Беларусі разглядаецца ў цяперашні час. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун. "Павышэнне тарыфаў на ЖКП - працэс непазбежны. Сёння разглядаюцца варыянты павелічэння кошту жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва, аднак наколькі і калі яны падаражэюць - канчатковага рашэння не прынята", - падкрэсліў намеснік міністра. Паводле даных Белстата, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2011 годзе выраслі ў сярэднім на 21,6% у параўнанні з 2010 годам. Кошт газазабеспячэння для насельніцтва летась павялічыўся на 72%, электразабеспячэння - на 16,7%, водазабеспячэння - на 14%, тэхабслугоўвання - на 8,5%. Таксама Анатоль Шагун паведаміў, што ўдзельная вага аплаты ЖКП у Беларусі за двухпакаёвую кватэру плошчай 48 кв.м у даходах сям'і з двух чалавек захавалася на ўзроўні 2011 года і складае 7-18% у залежнасці ад катэгорыі насельніцтва: працуючыя ў рэальным сектары эканомікі або бюджэтнай сферы і пенсіянеры. "Гэта сведчыць аб тым, што рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі быў прывязаны да росту даходаў насельніцтва", - адзначыў ён. Акрамя таго, намеснік міністра пракаментаваў павелічэнне платы за ацяпленне ў лютаўскіх жыроўках: "Павышэнне платы за ацяпленне ў лютым бягучага года было звязана з тым, што на працягу месяца досыць доўга захоўваліся нізкія тэмпературы, гэта павялічыла расход цеплавой энергіі. Да таго ж бягучы год высакосны - аплата за лютаўскія ЖКП вышэй на 2-3%, чым у звычайны год". -0-

БЕЛТА