20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне аб павышэнні ўзросту выхаду на пенсію ў Беларусі знята. Пра гэта сёння на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пытанне аб павышэнні ўзросту выхаду на пенсію ў Беларусі знята і ў бліжэйшы час абмяркоўвацца не будзе", - сказаў віцэ-прэм'ер. У 2012 годзе ў Беларусі забяспечваўся паэтапны рост пенсій, канстатаваў Анатоль Тозік. Пэўным новаўвядзеннем стала ўвядзенне павышаных памераў так званых пенсійных бонусаў за добраахвотную адтэрміноўку зваротаў за пенсіяй. Калі чалавек дасягае пенсійнага ўзросту і хоча яшчэ адзін год папрацаваць, не атрымліваючы пенсію, то яго разліковая пенсія павялічваецца на 6%, за другі год - плюс 8%, за трэці - плюс 10%, за чацвёрты - 12%, за пяты і наступныя гады адтэрміноўкі - плюс 14%, нагадаў віцэ-прэм'ер. "Паглядзім, як спрацуе той механізм, які прапанаваны насельніцтву, убачым, наколькі прывабны гэты механізм, і будзем думаць далей", - адзначыў Анатоль Тозік. Віцэ-прэм'ер праінфармаваў таксама, што з 1 студзеня 2012 года ў Беларусі ўстаноўлена штомесячная мэтавая даплата да пенсіі пажылым грамадзянам, якія дасягнулі 75-80 гадоў. Па ацэнцы, за 2012 год у параўнанні з 2011 годам сярэдні памер пенсіі па ўзросце павялічыцца на 24,2% і складзе Br1 млн. 964 тыс. "Урад і надалей будзе накіроўваць свае намаганні на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных пенсійных выдаткаў, адаптацыю пенсійнай сістэмы да зменлівых сацыяльна-эканамічных і дэмаграфічных умоў", - заключыў віцэ-прэм'ер.-0-

БЕЛТА