11 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пытанне пераводу інтэрнатаў у разрад арэнднага жылля абмяркоўваецца ва ўрадзе. Пра гэта паведаміў сёння журналістам падчас наведвання Завода буйнапанэльнага домабудавання РУП "Віцебскі ДСК" намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ён адзначыў, што па арэндным жыллі ёсць шмат планаў. "Мы прапануем ва ўрадзе, але гэтае пытанне яшчэ канчаткова не вырашана, перавесці ўсе інтэрнаты ў разрад арэнднага жылля", - сказаў Анатоль Калінін, падкрэсліўшы, што ў Беларусі плануецца стварыць такі аб'ём арэнднага жылля, які дазволіць нашым людзям свабодна міграваць па гарадах у пошуках лепшай працы. "Заўсёды праца была галоўным фактарам. У нас жа, на жаль, так склалася: дзе жыллё - там і праца, нават калі ў тым рэгіёне недастаткова працоўных месцаў, чалавек вымушаны там пражываць", - канстатаваў віцэ-прэм'ер. "Уся Еўропа мае 80% арэнднага жылля і толькі 20% - ва ўласнасці. У нас жа маецца 350 кватэр арэнднага жылля, якія здаюцца ў арэнду, гэта менш за 1%. Плануецца да канца пяцігодкі выйсці хаця б на 2 млн. кв.м арэнднага жылля, якое будзе прадастаўляцца па даступных цэнах", - дадаў Анатоль Калінін.-0-

БЕЛТА