У будынку Цэнтра сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна прайшло пасяджэнне савета па каардынацыі дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, грамадскіх аб'яднанняў, суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці па забеспячэнні фарміравання даступнага асяроддзя пражывання для фізічна аслабленых асоб пры архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.
На пасяджэнні прысутнічалі Канстанцін Ламчаноўскі, старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», Сяргей Драздоўскі, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў», Міхаіл Карален, старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел Уладзімір Кніга, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў», члены праўлення арганізацыі, намеснікі старшыні райвыканкама Яўгеній Яско, Аксана Церашкова і Віктар Азарэнка і іншыя зацікаўленыя асобы.
Адным з важных пытанняў з'яўляецца стварэнне безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб на гандлёвых аб'ектах горада. Для яго больш глыбокага разгляду былі запрошаны прадстаўнікі гандлёвых кропак.
У ходзе пасяджэння было адзначана, што пры будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў на працягу апошніх гадоў улічваюцца ўсе патрабаванні па даступным асяроддзі пражывання для фізічна аслабленых асоб. Таксама прыемна, што кіраўніцтва гандлёвых кропак Лепеля ідзе насустрач і гатова вырашаць пытанні па дадзенай праблеме.
Па выніках сустрэчы распрацаваны план даручэнняў і рэкамендацый па безбар'ерным асяроддзі ўсім уладальнікам гандлёвых аб'ектаў.
Н. МІЦКІНА.